Экіпаж зніклай аргентынскай вайсковай падводнай лодкі сем разоў спрабаваў звязацца з ваенна-марской базай, заявілі ў міністэрстве абароны Аргенціны, паведамляе CNN.

Званкі былі зробленыя ў суботу на розныя базы паміж 10:52 і 03:42. Іх працягласць была ад чатырох да 36 секунд, гаворыцца ў заяве міністэрства. Сувязь, аднак, не была ўсталяваная.

Аргентынскі ваенна-марскі флот заявіў, што ваенныя працуюць з амерыканскай кампаніяй, якая спецыялізуецца на спадарожнікавай сувязі, каб вызначыць месцазнаходжанне падводнай лодкі, што знікла без вестак больш за тры дні таму.

Падводная лодка ARA Сан-Хуан з экіпажам у 44 чалавекі знаходзілася ў рэйсе па Атлантычным акіяне з базы ў архіпелагу Вогненнай Зямлі на поўдні Аргентыны ў свой порт прыпіскі ў Мар-дэль-Плата. Судна павінна было прыбыць у пункт прызначэння ў нядзелю.

Паўднёва-аргентынская берагавая лінія Патагоніі вядомая моцнымі штормамі, якія цяпер праходзяць па ўсім рэгіёне.

«У цяперашні час магутны цыклон выклікае там парывы ветру большыя за 70 км/г. Хвалі там вышынёй з двухпавярховы дом. Гэтае надвор'е будзе замінаць пошукавым дзеянням яшчэ як мінімум, наступныя 48 гадзін», — сказаў метэаролаг CNN Дэрэк Ван Дам.

Зніклая субмарына Сан-Хуан — гэта падводная лодка TR-1700 даўжынёй 65 метраў, абсталяваная адным электрычным і чатырма дызельнымі рухавікамі. ЗША абяцалі дапамагчы Аргентыне ў пошуках з паветра, як толькі надвор'е крыху палепшае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0