У гэтыя хвіліны ў мінскім Prime Hall адбываецца першы за сем гадоў дазволены канцэрт Лявона Вольскага.
На выступ сабралася каля 1600 чалавек.
У першым аддзяленні Вольскі выканаў дзве новыя песні, якіх не было ў альбоме «Белая яблыня грому».
Гэта «Ты помніш» на словы Юлія Таўбіна і «Чалавек, цяжарны Богам» Анатоля Сыса.
Пасля перапынку на танцполе з'явіліся першыя нацыянальныя сцягі. А пасля песні «А хто там і дзе?» выбухнула скандаванне «Жыве Беларусь!»
Больш пра канцэрт — чытайце на «Ніве» пазней.
А гэта верш «праклятага паэта» Сыса, які стаў песняй:
* * *
Хто натхніць мяне на смерць?
Я такой не маю волі.
Маю толькі болі.
Болі — каб пасціцца і гавець.
З гор сыдзі, як з купалоў,
Дух у вобразе старога,
праз пакуты дай мне Бога,
дай мне Богавую кроў.
Не жыву — хаджу, што сцень,
брыдкі і чужы паветру,
хаця выйшаў колісь з ветру,
выйшаў і азмрочыў дзень.
Ты
натхніш мяне на смерць,
чалавек, цяжарны Богам,
праз цябе мая дарога,
моцы дай яе здалець