Кіраўнік МЗС КНДР Лі Ён Хо адказаў адмовай на прапанову свайго паўднёвакарэйскага калегі Кан Гён Хва станоўча адказаць на ініцыятыву наладзіць адносіны паміж дзвюма краінамі, піша Бі-бі-сі.

Кароткая сустрэча двух міністраў прайшла ў Маніле, дзе ў панядзелак адкрываецца сесія Рэгіянальнага форуму АСЕАН па бяспецы, адной з галоўных тэм на якой стане сітуацыя вакол КНДР.

Як паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва Ёнхап са спасылкай на афіцыйных асоб, сваё рашэнне адхіліць ініцыятывы Сеула паўночнакарэйскі міністр матываваў тым, што «паўднёваму суседу не хапае шчырасці».

«У сітуацыі, пры якой Поўдзень супрацоўнічае з ЗША ў плане ўзмацнення ціску на Поўнач, такія прапановы выглядаюць няшчырымі», - перадае агенцтва словы міністра.

У сярэдзіне ліпеня Паўднёвая Карэя прапанавала КНДР правесці перамовы ваенных прадстаўнікоў па зніжэнні напружанасці на Карэйскім паўвостраве, а таксама аднавіць дыялог па лініі Чырвонага Крыжа.

Ідэю аднаўлення дыялогу паміж дзвюма дзяржавамі высунуў прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін. Перамовы павінны былі прайсці ў дэмілітарызаванай зоне паміж дзвюма дзяржавамі ў бліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0