У канцы сакавіка супрацоўнікі калінкавіцкага ДАІ спынілі 37-гадовага жыхара Мазыра, які ў стане алкагольнага ап'янення ішоў па праезнай частцы, пры гэтым без святлоадбівальнага элемента. Інспектары склалі на мужчыну пратакол за парушэнне ПДР і адпусцілі, паведамляецца на сайце УУС Гомельскага аблвыканкама.
Аднак штраф парушальнік плаціць і не збіраўся.
Атрымаўшы позву аб яўцы ў аддзел ДАІ Мазырскага райвыканкама, мужчына намаляваў на аркушы паперы «парнаграфічныя выявы» і, прышпіліўшы позву, адправіў ліст назад у ДАІ.
6 ліпеня ў дачыненні да мужчыны была распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 343 (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Мужчына адпушчаны пад абавязацельства аб яўцы, яму можа пагражаць да 6 месяцаў арышту.
Сам ён растлумачыў, што быў вельмі злы на супрацоўнікаў за складзены на яго пратакол.