Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута адхілены ад працы, у дачыненні да яго праводзіцца праверка.
«Галоўным следчым упраўленнем расследуецца крымінальная справа аб службовым падлогу ў дачыненні да шэрагу службовых асобаў. У якасці падазраванага па гэтай справе прыцягнуты міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута, - праінфармавала афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. - Дзеянні службовай асобы кваліфікаваны па ч.4 арт.16, ч.1 арт.427 (арганізацыя службовага падлогу) КК РБ».
У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя «НН» паведамілі, што на дадзены момант да іх не прыходзіла нейкае распараджэнне, што абавязкі міністра будзе выконваць нехта з ягоных намеснікаў. «Міністэрства працуе ў звычайным рэжыме», — праінфармавалі нас у прэс-службе.
Фота ecoidea.by.
Першым намеснікам Андрэя Каўхуты з’яўляецца Ія Малкіна. Яна нарадзілася ў вёсцы Старое Раматова Маларыцкага раёна ў сям’і вайскоўца. Паселішча адметнае тым, што блізу яго расце самы старажытны дуб на тэрыторыі Беларусі, якому ўжо больш за 800 гадоў. Яго вышыня — 46 метраў, а дыяметр — 2 метры.
Фота tvr.by.
Ія Малкіна скончыла юрыдычны факультэт БДУ (1997), а таксама Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2000). Працавала ў Дэпартаменце гуманітарнай дзейнасці прэзідэнце, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Ад мая 2014 — першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў.
Яна — жонка Віктара Кучынскага. Былы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі некалі праславіўся тым, што сабраўся з гранатамётам у руках абараняць кіраўніка краіны.
Фота sputnik.by.
Доўгі час Ія Малкіна фактычна выконвала абявязкі міністра, пакуль на гэтую пасаду не быў прызначаны Андрэй Каўхута. Яна была адной з аўтарак кнігі «Фінансавая дыета», якая выйшла пад рэдакцыяй колішняга памочніка прэзідэнта ў пытаннях эканомікі Кірыла Рудага, і была ўспрынятая як маніфест ліберальна настроенай часткі чынавенства.
Фота greenbelarus.info.
Ію Малкіну называюць самай стыльнай чыноўніцай вышэйшых шэрагаў. Сапраўды, хто яшчэ адважваўся апранаць рваныя джынсы ці хіпстарскія акуляры?
Фота tut.by.