Са сьледчага ізалятару КДБ вызвалены яшчэ адзін фігурант справы «Белага легіёну», менскі мастак-дызайнэр Андрэй Бяляўскі. Ён быў затрыманы 28 сакавіка і абвінавачаны паводле часткі 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу — «Навучаньне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках».

Першае інтэрвію пасьля вызваленьня Андрэй Бяляўскі даў Радыё Свабода. З улікам, што абвінавачаньні зь яго ня зьнятыя, бальшыня адказаў былі ляканічнымі:

— Андрэй, віншуем з вызваленьнем, колькі ўсяго правялі за кратамі?

— Дзякуй, ёсьць нагода… Усяго атрымалася 74 дні. За гэты час пабываў і ў турме КДБ, і ў ізалятары на Валадарскага.

— Наогул вызваленьне было нечаканым ці вас папярэдзілі загадзя?

— Папярэдзілі загадзя, так што маральна быў падрыхтаваны. Дапамаглі нават дабрацца дадому.

— Некаторыя зь фігурантаў справы сьцьвярджаюць, што іх катавалі, каб выбіць неабходныя зьвесткі. Як было ў вашым выпадку?

— Не, мяне не катавалі, абыходзіліся цалкам нармальна. Умовы звычайныя, як і ў дачыненьні астатніх зьняволеных. Прынамсі нейкай перадузятасьці не было, мала за тое, ставіліся нават з павагай.

— Абвінавачаньні, наколькі можна зразумець, яшчэ не зьнятыя?

— Не, абвінавачаньні не зьнятыя. Плюс падпіска аб нявыезьдзе, аб невыдаваньні таямніцы сьледзтва, таму нічога падрабязьней гаварыць не магу.

— Ці лічыце, што аказаліся беспадстаўна вырваныя са звыклага жыцьця?

— Ну вядома, час змарнаваны, гэта бясспрэчна…

— Якія маеце найбліжэйшыя пляны?

— Пакуль трэба «акліматызавацца», прыйсьці ў норму, ну а пасьля — вяртацца да звыклага графіку, бо спраў назьбіралася шмат…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?