Кіраўнік экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман, які 18-19 мая ладзіць міжнародную канферэнцыю «25 гадоў замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусь», лічыць, што апазіцыйныя палітыкі не павысяць вартасці дыскусіяў, якія маюць адбыцца.

«Ініцыятыва паўстала два з паловай гады таму. З самага пачатку мы падкрэслівалі, што гэта экспертная пляцоўка. Мы знарок хочам пазбягаць палітызаванай дыскусіі, каб стварыць прафесійную экспертную дыскусію. Няхай палітыкі займаюцца сваімі справамі. Мы ўвогуле бачым праблему ў тым, што ў Беларусі да гэтага часу няма прафесійнай экспертнай пляцоўкі ў пытаннях міжнародных адносін і бяспекі ў рэгіёне. Наяўнасць палітыкаў, які прафесійна не займаюцца гэтымі пытаннямі, наўрад ці павысіць вартасьць нашай дыскусіі», — сказаў Яўген Прэйгерман.

Паводле праграмы канферэнцыі, у ёй возьмуць удзел міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, а таксама Сяргей Рахманаў, які ўзначальвае пастаянную камісію Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. У якасці спікераў заяўленыя былыя міністры замежных спраў Пятро Краўчанка, Уладзімір Сянько, Іван Антановіч і Міхаіл Хвастоў. У дыскусіі будуць удзельнічаць кіраўнік офіса АБСЕ Ганс Ёган Шміт, кіраўнікі экспертных супольнасцяў Дзяніс Мельянцоў, Андрэй Казакевіч, Юры Шаўцоў ды іншыя.

У пачатку тыдня стала вядома, што запрашэнні на канферэнцыю атрымалі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец. Запрашэнні былі адпраўленыя з «левых» электронных адрасоў, але адказ трэба было выслаць на афіцыйны адрас «Мінскага форуму».

Яўген Прэйгерман лічыць, што такім чынам нехта хацеў арганізаваць медыйны зрыў канферэнцыі, бо запрошаныя з фэйкавых акаўнтаў палітыкі даведаліся, што насамрэч іх ніхто не запрашаў, і выклалі гэтую інфармацыю ў сацыяльныя сеткі, дзе яна была падхопленая СМІ.

«Праз 2 з паловай гады, як мы працуем, нехта вырашыў зрабіць скандальную сітуацыю праз рассылку з фэйкавага мэйла. Мы пакуль дакладна не ведаем, хто і з якой мэтай гэта зрабіў, хоць гіпотэзы ёсць. Будзем спадзявацца, што ўсё ж даведаемся. Агулам сітуацыя такая. Мы стваралі гэтую пляцоўку для таго, каб у ёй удзельнічалі людзі, які прафесійна займаюцца міжнароднымі дачыненнямі. Прафесійна — гэта значыць ці дыпламаты, ці аналітыкі.

А ў палітыкаў, якія наведваюць такія мерапрыемствы, каб рабіць палітычныя заявы, павінны прыходзіць на іншыя пляцоўкі. Нам трэба станавіцца больш прафесійнымі. А то атрымліваецца, што на кожнае мерапрыемства — тычыцца яно культуры, міжнародных адносін ці правоў чалавека — выступаюць адны і тыя ж людзі і робяць адны і тыя ж заявы».

Прэйгерман лічыць, што мэтай фэйкавай рассылкі было сарваць канферэнцыю:

«Мы ўжо пачалі дэманстраваць нейкія вынікі. Я падкрэслю, што наша пляцоўка аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пунктаў гледжання. У нас ёсць і замежныя дыпламаты, і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, а таксама прадстаўнікі незалежнай экспертнай супольнасьці — будуць Андрэй Казакевіч, Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі, Андрэй Фёдараў. А ў нас хапае тых, хто не задаволены тым, што ў нас ёсць аб’яднальныя пляцоўкі, якія не працуюць у стылі «сядзім у акопах і закідваем адзін аднаго».

Падчас канферэнцыі плянуецца разглядзець некалькі тэмаў, сярод якіх гісторыя замежнапалітычных дачыненняў Беларусі, разьвіцьцё дыпляматычных адносін Беларусі, а таксама яе роля ў вырашэнні ваенна-палітычных канфліктаў у рэгіёне.

Канферэнцыя пройдзе ў гатэлі Double Tree by Hilton ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?