Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, пачаў выкарыстоўваць літургічнае адзенне з нацыянальнай вышыўкай.

На рукавах альбы Тадэвуша Кандрусевіча — доўгай белай кашулі, абавязковай для святарскага адзення падчас службы — з'явіўся беларускі арнамент чырвонага колеру.

Упершыню гэта адбылося 13 мая ў Вілейцы — падчас святкавання 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.

«Выкарыстанне традыцыйнай вышыўкі ў літургічнай вопратцы святароў пачалося ў той жа час, калі гэты трэнд (цікавасць да самабытнага і нацыянальнага) з'явіўся і ў грамадстве. Святары пачалі звяртацца да майстроў, якія шыюць літургічнае адзенне, з адпаведнымі замовамі. Найчасцей гэта майстэрня пры парафіі айцоў-капуцынаў у Маладзечне.

Але за гэтым стаіць не даніна модзе, але агульная скіраванасць касцёла выкарыстоўваць у кожнай культуры тое, што магчыма злучыць з хрысціянскім веравучэннем. Калі касцёл дзейнічае ў пэўным тэрытарыяльным, нацыянальным і культурным асяродку, то ён стараецца перадаць Хрысціянскую Навіну праз выкарыстаьне нацыянальных асаблівасцяў і культурных набыткаў гэтага народа, калі яны не пярэчаць хрысціянскаму духу.

Вышыўка, хоць некаторыя і схільныя бачыць у ёй праявы паганства, альбо язычніцтва, — гэта нацыянальна-культурны сімвал. Сімвалы таксама змяняюць свой змест і значэнне. У гэтым сімвалы можна пабачыць і элементы хрысціянства. Гэта мы называем інкультурацыяй: калі Евангельская Вестка перадаецца ў пэўным культурным асяродку», — распавёў Свабодзе кіраўнік інфармацыйнай службы пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, святар Кірыл Бардонаў.

Як паведамілі ў мітрапаліцкай курыі, тое, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выкарыстоўвае як літургічнае адзенне вышыванку, сведчыць пра ягоную прыхільнасьць да нацыянальнай і культурнай традыцыі беларускага народа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?