Мінскі гарадскі суд прызнаў законнай пастанову намесніка генеральнага пракурора Беларусі Аляксея Стука ад 17 студзеня задаволіць просьбу Генпракуратуры Азербайджана аб выдачы расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына для прыцягнення яго да адказнасці па артыкулах 282.2 і 318.2 Крымінальнага кодэкса Азербайджана. Пасяджэнне Мінгарсуда прайшло 26 студзеня ў закрытым рэжыме, абвяшчэнне прысуду — у адкрытым.
Такім чынам, скаргу Лапшына на рашэнне Генпракуратуры аб яго выдачы суд пакінуў без задавальнення. Рашэнне Мінгарсуда можа быць абскарджана ў Вярхоўным судзе. Пасля суда абарона заявіла, што мае намер скарыстацца гэтым правам.
Разгляд скаргі Лапшына праходзіў у яго прысутнасці. Падчас суда блогер знаходзіўся ў клетцы. Працэс вяла суддзя Любоў Сімахіна. У зале прысутнічалі консул Расіі Ігар Каракін і намеснік кіраўніка пасольства Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі-Співакоў.
Блогер і падарожнік Аляксандр Лапшын, які мае ізраільскае і расійскае грамадзянства, абвінавачваецца ў тым, што, «уступіўшы па папярэдняй змове ў злачынную сувязь з нявызначанымі асобамі і стварыўшы арганізаваную злачынную групу, у красавіку 2011 года і ў кастрычніку 2012 года без наяўнасці адпаведных дакументаў, абмінаючы кантрольна-прапускныя пункты, незаконна перасек дзяржаўную мяжу Азербайджанскай Рэспублікі».
Лапшын быў затрыманы ў Мінску 14 снежня 2016 года па запыце Азербайджана, які абвясціў яго ў міжнародны вышук за незаконнае наведванне Нагорнага Карабаха.
Вядома, што МЗС Ізраіля звярталася да ўладаў Беларусі з просьбай не экстрадаваць Лапшына ў Азербайджан. Акрамя таго, Ізраіль па дыпламатычных каналах дамагаўся ад Баку спынення крымінальнага пераследу блогера, паведамлялі ізраільскія СМІ.
Расія таксама выступіла супраць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан — пра гэта заявіў 17 студзеня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.
Актыўны ўдзел у лёсе затрыманага блогера бралі прадстаўнікі пасольстваў Ізраіля і Расіі ў Беларусі.
Рашэнне Генпракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан было ўручана блогеру 18 студзеня.