У Лос-Анджэлесе адбылася цырымонія абвяшчэння намінантаў на амерыканскую кінапрэмію «Оскар». Лідарам па колькасці намінацый — 14 — стаў рамантычны мюзікл «Ла-Ла Лэнд» Дэміэна Шазела, піша ВВС.

Кадр з фільма «Ла-Ла Лэнд»

На другім месцы па колькасці намінацый — па восем — фантастычны фільм «Прыбыцце» Дэні Вільнёва і драма «Месяцовае святло» Бары Джэнкінса.

У ліку іншых карцін, якія прэтэндуюць на «Оскар» у намінацыі «найлепшы фільм» — «Леў» Гарта Дэвіса, «Манчэстэр ля мора» Кенета Лонергана, «Агароджы» Дэнзела Вашынгтона, «Па меркаваннях сумлення» Мэла Гібсана, «Любой цаной» Дэвіда Макензі, «Схаваныя фігуры» Тэадора Мэлфі.

На «Оскар» у намінацыі «найлепшая мужчынская роля» прэтэндуюць Кейсі Афлек («Манчэстэр ля мора»), Эндру Гарфілд («Па меркаваннях сумлення»), Раян Гослінг (Ла-Ла Лэнд), Віга Мортэнсен («Капітан Фантасцік»), Дэнзел Вашынгтон («Агароджы»).

За ўзнагароду ў намінацыі «найлепшая жаночая роля» будуць змагацца Ізабель Юпер («Яна»), Наталі Портман («Джэкі»), Рут Нега («Кахаць»), Эма Стоўн («Ла-Ла Лэнд») і Мэрыл Стрып («Флорэнс Фостэр Джэнкінс»). Для Мэрыл Стрып гэта ўжо 12-я па ліку намінацыя на «Оскар».

На суісканне «Оскара» ў намінацыі «найлепшая рэжысура» вылучаны рэжысёр «Ла-Ла Лэнда» Дэміэн Шазел, Дэні Вільнёў («Прыбыцце»), Мел Гібсан («Па меркаваннях сумлення»), Бары Джэнкінс («Месяцовае святло»), Кенет Лонерган («Манчэстэр ля мора»).

Імёны ўладальнікаў «Оскара» стануць вядомыя 26 лютага. 89-я цырымонія ўручэння прэмій адбудзецца ў тэатры Dolby у Лос-Анджэлесе і будзе транслявацца тэлекампаніяй Эй-бі-сі на 225 краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?