Спартыўны арбітражны суд (CAS) у Лазане адмяніў гадавую дыскваліфікацыю мужчынскай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, накладзеную Міжнароднай федэрацыяй каноэ (ICF) з-за падазрэнняў у парушэнні антыдопінгавых правілаў, паведамляе афіцыйны сайт CAS.

«На падставе доказаў і аргументаў, прадстаўленых бакамі, Спартыўны арбітражны суд прыйшоў да высновы, што не мелася дастатковых доказаў, каб на падставе меркаваных парушэнняў антыдопінгавых правілаў адхіліць мужчынскую зборную Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ. Таму CAS адмяніў рашэнне выканкама ICF аб гадавой дыскваліфікацыі каманды», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Такім чынам, CAS задаволіў апеляцыю беларусаў на рашэнне Міжнароднай федэрацыі каноэ аб дыскваліфікацыі мужчынскай каманды. Ініцыятарам і каардынатарам падачы пазову стаў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.

Беларусь будзе патрабаваць кампенсацыі ўрону за адхіленне зборнай. Пра гэта заявіў генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Анатоль Котаў.

— Апраўданыя цалкам уся мужчынская каманда, трэнерскі склад, дактары і афіцыйныя асобы. У нас ёсць план далейшых дзеянняў. Мы будзем рыхтаваць пазоў у суд у Швейцарыі аб кампенсацыі маральнай шкоды, які панесла наша каманда ў сувязі з нядопускам на Алімпійскія гульні і беспадстаўным зняццем фактычна на паўгода ад трэніровачнага працэсу і міжнародных стартаў, — заявіў Котаў у эфіры тэлеканала «Беларусь1».

Таксама беларускі бок мае намер падаць пазоў аб кампенсацыі выдаткаў на падрыхтоўку каманды да Алімпіяды за чатыры гады.

21 студзеня Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі атрымаў афіцыйнае паведамленне ад французскага антыдопінгавага агенцтва, у якім паказвалася, што прэтэнзій да чатырох з пяці беларускіх весляроў, якія падазраваліся ў парушэнні антыдопінгавых правілаў па выніках збораў у Францыі ў красавіку 2016 года, няма. Гэта Андрэй і Аляксандр Багдановічы, Аляксандр Ляпешка, Дзмітрый Сільчанка. У Максіма Пятрова мелася нязначнае перавышэнне дапушчальнай канцэнтрацыі мяльдонія ў пробе.

НАК адразу ж падрыхтаваў заяву ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане з паведамленнем аб дадзеным факце, каб рашэнне французскага агенцтва было далучанае да справы і прымалася пад увагу пры вынясенні рашэння.

Імаверна, гэты крок паскорыў рашэнне CAS, вердыкт якога чакаўся толькі ў канцы гэтага тыдня, бо 6 студзеня Спартыўны арбітражны суд (CAS) чарговы раз перанёс абвяшчэнне вердыкту па справе беларускіх байдарачнікаў і канаістаў. Новай датай абвяшчэння рашэння было названа 27 студзеня.

З-за адхілення беларускіх весляроў пасля скандальнага ператрусу падчас трэніровачнага збору ў Францыі ў красавіку 2016 га мужчынская зборная Беларусі вымушаная была прапусціць Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра. Наша зборная, на думку спецыялістаў, недалічылася з-за гэтага ў Рыа 2-4 медалёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?