«Гэта першы індустрыяльны незалежны камерцыйны фільм у Беларусі, — адзначыў перад пачаткам паказу адзін са стваральнікаў фільма Андрэй Курэйчык. — У нас рэкордная колькасць сеансаў — 18 на дзень. Прычым не ў маленькіх залах. Мы самі спужаліся, не разлічвалі, думалі: ну што такое беларускае кіно? Ну, пройдзе другім-трэцім экранам. І тут аказалася вось так. Гэта неймаверна, раней такой цікавасці да беларускага кіно не было».

Курэйчык распавёў, што ў «Party-zan фільм» уклалі грошы, што ўдалося зарабіць на фільме «ГараШ», які паглядзела каля 15 тысяч чалавек. Праўда, гэтых грошай не хапіла, таму стваральнікі фільма знайшлі партнёраў, гатовых укласці сродкі ў праект.

Паўтарагадзінную стужку здымалі 18 дзён пераважна ў Мінску, Брэсце і Маскве.

«Гэта моладзевая камедыя, — акцэнтаваў Курэйчык. — Гэты фільм не прэтэндуе ні на які фестывальны лёс, мы яго нікуды не падавалі і не будзем падаваць. Фільм не прэтэндуе на заўважны ўнёсак у кінамастацтва, але ён прэтэндуе на долю рынка ў навагоднім пракаце. Гэта фільм, які можа мець глядацкі поспех. І мы б хацелі, каб ён ацэньваўся па законах індустрыі кіно, па магчымасці беларускага кіно змагацца за шырокага гледача ў пракаце».

Рэжысёр звярнуў увагу, што ў 2016 годзе «Беларусьфільм» зняў адну стужку. «Мы, няшчасная кампанія з трох чалавек, знялі дзве», — сказаў ён і дадаў, што хацелася б больш. Але гэта будзе залежаць ад таго, ці пойдуць людзі глядзець беларускае кіно.

Коратка, пра што:

Дваім маладым людзям, праграмісту Дзянісу і гора-бізнэсоўцу Аляксею, лёс дае шанец зняць сцэны ваенных дзеянняў для расійскай кінастужкі «Брэсцкі пералом» за шалёныя, па мерках хлопцаў, грошы. Аднак аванс, атрыманы на здымкі, Аляксей паспяхова змывае ва ўнітаз. Сведкай гэтай трагедыі выпадкова становіцца берасцейка Марта, якая бярэцца дапамагчы хлопцам зняць фільм без грошай і абвесці вакол пальца расійскіх акцёраў і рэжысёраў.

Схадзіць варта, хаця б дзеля таго, каб пабачыць сапраўды ці не першую сучасную беларускую камедыю. Цікава счытваць з экрана беларускія сімвалы кшталту цішоткі «Край дужых» ці ноўтбука сімвалічнага бел-чырвона-белага колеру. Прыемна дзе-нідзе пачуць беларускую мову, пасмяяцца з беларускіх рэалій.

«Хто сумленны? Хто?! — звяртаецца ў адным з эпізодаў да Дзяніса Аляксей. — У гэтай краіне ўсе так працуюць і ўсе пра гэта ведаюць».

Ці вось яшчэ. «Мы ж тут не Масква, таму, як гаворыцца, раздзявайцеся, і працаваць», — так сустракае Аляксей расійскіх акцёраў, што толькі выйшлі з цягніка.

Альбо такое:

«Як ты думаеш, гэта добрая навіна?» — пытаецца Аляксей у Дзяніса, калі на тэлефон прыходзіць чарговае паведамленне.

«Канечне, не. Гэта ж Lenovo», — іранізуе Дзяніс.

Цешыць, што ў фільме гучаць песні Андруся Такінданга, Змітра Вайцюшкевіча, у адным з эпізодаў з’яўляецца Пятро Клюеў.

Прыемна глядзець на беларускіх акцёраў, хоць часам хочацца, каб некаторыя ігралі лепш, а некаторых проста не было на экране. Дысбаланс у іх прафесійнасці і таленце часам замінае атрымліваць асалоду ад прагляду кіно і псуе агульнае ўражанне. Калі б усе ігралі як, напрыклад, Эвеліна Сакура ці лідар гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч, стужка атрымалася б зусім іншай. На жаль, яны з’яўляюцца ў кадры ненадоўга, затое надоўга запамінаюцца.

Трое галоўных герояў — Аляксандр Тарасаў (Аляксей), Аляксандр Душачкін (Дзяніс) і Аліса Аўчыннік (Марта) — зусім маладыя акцёры, і гэта адчуваецца, але яны могуць заваяваць любоў беларускага гледача.

Немагчыма ацаніць фільм па дзесяцібальнай шкале, бо з чым яго параўноўваць? Ён сапраўды не прэтэндуе на «Оскар», побач з фільмам «Выжылы» яго не паставіш. З беларускімі камедыямі параўноўваць таксама не будзеш, бо іх яшчэ трэба зняць. Калі ўзяць расійскія, то «Party-zan фільм» адназначна выйграе, таму што гэта беларуская стужка пра беларусаў і для беларускага гледача. За гэта можна дараваць многае. Нам патрэбны такія фільмы, нам патрэбны свае зоркі. І нам патрэбны Андрэй Курэйчык і Зміцер Фрыга, якія робяць беларускае кіно.

Рэжысёр Андрэй Курэйчык і прадзюсар Зміцер Фрыга. Фота vk.com/filmpartyzan

Рэжысёр Андрэй Курэйчык і прадзюсар Зміцер Фрыга. Фота vk.com/filmpartyzan

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?