«Ад імя РПГ Малады Фронт і Siarhei Palcheuski хачу падзякаваць правакатарам за чатыры прарэзаныя колы на машыне Сярогавых бацькоў, — іранізуе ў сябе ў фэйсбуку Зміцер Дашкевіч. — Гэтая барбарская выхадка натхніла мяне звярнуцца да беларускага народу па дапамогу, хаця Сярога мяне і адгаворваў: «Кінь, — казаў, — што мы там зберамо?» Але неабходныя сродкі на гуму мы сабралі за першыя суткі. Агулам жа пад час кампаніі «На колы і сцягі!» нам, нават без ніякіх краўдфандынгавых пляцовак, ахвяравалі больш 700 даляраў. З іх 200 у.а. пайшло на новую гуму…
Сяргей Пальчэўскі паставіў новую гуму на сваю машыну.
…і за 500 РПГ МФ ажыццяўляе сваю сцяганосную барацьбу далей!» — піша Дашкевіч.
Варта адзначыць, што ўчора, 19 снежня, Сяргея Пальчэўскага прэвентыўна затрымалі, каб сарваць вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў на 6-ю гадавіну Плошчы 2010 года. Пальчэўскі правёў 8 гадзін у Цэнтральным РУУСе Мінска.