Кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пракаментаваў затрыманне трох чалавек, якія пісалі для расійскага агенцтва Regnum.

«Затрымалі не прыхільнікаў саюза з Расіяй ці аматараў расійскай славеснасці. Затрымалі персанажаў, якія заклікалі да знішчэння беларускай дзяржавы. Можна па-рознаму ставіцца да існуючага парадку рэчаў у Беларусі, але факт заключаецца ў тым, што знішчэнне яе дзяржаўнасці суправаджалася б гібеллю дзясяткаў, а, хутчэй за ўсё, сотняў тысяч нашых суайчыннікаў. «Рускі свет» у абліччы сваіх адэптаў марыць не проста пра паглынанне беларускай дзяржавы, але і пра знішчэнне або выгнанне носьбітаў беларускай нацыянальнай самасвядомасці», — піша Паротнікаў.

«Гэта тое, што на Захадзе называюць «злачынствамі нянавісці». Такім чынам, затрыманыя суб'екты не з'яўляюцца ні пакутнікамі за свабоду слова, ні палітвязнямі. Палітычна і юрыдычна пазіцыя беларускіх уладаў бездакорная», — дадае ён.

Грамадзянін Расіі Аляксей Мільчакоў паказвае «клас» на фоне забітага ўкраінскага афіцэра (зарэтушаваны). У 2015 Мільчакоў спрабаваў арганізаваць трэніровачныя лагеры для падлеткаў з Беларусі.

Грамадзянін Расіі Аляксей Мільчакоў паказвае «клас» на фоне забітага ўкраінскага афіцэра (зарэтушаваны). У 2015 Мільчакоў спрабаваў арганізаваць трэніровачныя лагеры для падлеткаў з Беларусі.

Паротнікаў таксама лічыць, што кіраўніца кампаніі «Наш дом» Вольга Карач і кандыдатка на прэзідэнцкіх выбарах 2015 году Таццяна Караткевіч, якія выступілі ў абарону затрыманых, «сябе пахавалі ў якасці палітыкаў у гэтай краіне. Бо па факце выступілі ЗА знішчэнне дзяржавы, якую нібыта прэтэндуюць узначаліць, ЗА забойства сотняў тысяч яе грамадзян. Усё роўна, з якой прычыны гэта было зроблена: за грошы, па дурасці ці з каштоўнасных меркаванняў. Пасля гэтага іх палітычная кар'ера скончана».

«Безумоўна, гэта не выключае дыскусіі адносна геапалітычнай арыентацыі краіны: Расія, Захад ці ізаляцыянізм (асабіста я — ізаляцыяніст). Але базай гэтай дыскусіі можа быць толькі пабудова самастойнай, эканамічна і тэхналагічна развітой нацыянальнай беларускай дзяржавы», — піша Андрэй Паротнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?