ДАІ Мінска пачынае тэсты нідэрландскіх модуляў ImFlow на святлафорных аб'ектах у Сухараве. Пра гэта журналістам распавёў начальнік аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Навой падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай канцэпцыі забеспячэння бяспекі дарожнага руху «Добрая дарога» на 2016—2020 гады, піша БелТА.

«У сталічным мікрараёне Сухарава 16 светлафорных аб'ектаў будуць абсталяваныя нідэрландскай сістэмай ImFlow, якую нам бясплатна далі для тэстаў згодна з пілотным праектам у Мінску. Гэты прадукт лічыцца інавацыйным. Да канца 2016 года з'явіцца чатыры аб'екты, а ў першым квартале 2017-га будуць устаноўленыя астатнія. Тэсты будуць доўжыцца два гады», — адзначыў Дзмітрый Навой.

Інтэлектуальная сістэма здольная аналізаваць паток і вызначаць прыярытэты для транспарту або пешаходаў у рэальным часе. Першыя чатыры модулі ImFlow з'явяцца на скрыжаваннях вул. Шаранговіча з вул. Гарэцкага, Лабанка, Сухараўскай і Фёдарава. Астатнія ў 2017 годзе размяркуюць па іншых скрыжаваннях Фрунзенскага раёна Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0