Сённяшнія ўмовы дазваляюць прагназаваць зніжэнне кошту квадратнага метра жылля, якое ўзводзіцца з дзяржаўнай падтрымкай, да 280 даляраў у эквіваленце. Пра гэта заявіў журналістам 30 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін.

Віцэ-прэм'ер удакладніў, што ўсяго ў краіне ў спісах, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца больш за 700 тысяч чалавек, у тым ліку 200 тысяч чаргавікоў у Мінску. Пры гэтым, згодна са статыстыкай, на кожнага жыхара Беларусі прыпадае па 26,5 кв. м жылля ва ўласнасці.

«Устаноўлены гранічны сабекошт квадратнага метра з дзяржпадтрымкай. На 2016—2017 гады ён складае 8,5 млн старых рублёў. Я бачу ўнутраныя рэзервы, каб мы маглі знізіць гэтыя выдаткі і прыдумаць больш камфортныя ўмовы па кошце квадратнага метра, у першую чаргу, з дзяржаўнай падтрымкай. Сёння гэта каля 340 даляраў. Я лічу, што мы можам будаваць метр квадратны жылля з дзяржпадтрымкай не больш за 280 даляраў ЗША ў эквіваленце», — заявіў намеснік прэм'ер-міністра.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, У Беларусі ў студзені—кастрычніку 2016 года ўведзена ў эксплуатацыю 3 млн 517,6 тыс. кв. м жылля, што на 18,2% менш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 240,5 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 35,3% усяго аб'ёму ўведзенага жылля. З агульнага аб'ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі 826,8 тыс. кв. (на 40,8% менш).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?