Новы дырэктар беларускай гімназіі №4 г. Мінска Андрэй Гоцман даў кароткае інтэрв'ю карэспандэнту «Народнай волі» Марыне Коктыш. Як заўважыла журналістка, на ўсе пытанні спадар Гоцман адказваў на добрай беларускай мове.
— Андрэй Міхайлавіч, да нядаўняга часу вы працавалі дырэктарам сталічнай школы №38. З задавальненнем прынялі прапанову змяніць месца працы?
— Натуральна, гэта было з маёй згоды. Тым больш што гэта беларускамоўная гімназія — у Мінску толькі дзве такія буйныя ўстановы адукацыі.
Дарэчы, пасля заканчэння ўніверсітэта я пайшоў працаваць у школу, дзе таксама выкладаў на беларускай. Я з вялікай павагай стаўлюся да мовы, да ўсяго нацыянальнага.
— На адрас мінулага кіраўніцтва былі папрокі: маўляў, гімназія беларускамоўная, а многія настаўнікі не толькі пасля ўрокаў, а і падчас заняткаў пераходзяць на рускую. Вось вы са сваёй сакратаркай па-беларуску размаўляеце? А справаводства ў гімназіі на якой мове вядзецца?
— Дакументацыя тут і да мяне на беларускай мове вялася. А мая сакратарка — выкладчык беларускай мовы і літаратуры, філолаг. Яна друкуе загады і іншую лакальную дакументацыю на беларускай мове. Карацей, я не бачу тут вялікіх праблем.
Што тычыцца настаўнікаў, то калі іду па калідоры падчас урокаў, то чую беларускую мову, а таксама тыя замежныя, якія выкладаюцца ў нашай гімназіі ў рамках адукацыйных праграм.
Думаю, і вы добра ведаеце, што большасць людзей у Мінску размаўляе на рускай мове, і не маю права забараніць чалавеку па-за межамі гімназіі гаварыць па-руску. Але, па шчырасці, я пакуль не бачу тут праблем, прынамсі на ўзроўні гімназіі. Калі ў будучыні з’явяцца нейкія перакосы, злоўжыванне рускай мовай — выправім.
— Калі не памыляюся, вам…
— Мне 37 гадоў. Жанаты, маю дачку — яна вучыцца ў пятым класе, таксама ў гімназіі.
— Дзякуй за адказы, жадаю вам поспехаў! Ну, і каб не было ў вашым жыцці такіх гучных скандалаў, які здарыўся з вашым папярэднікам на гэтай пасадзе.
— Спадзяюся, у гімназіі ўсё будзе добра. Я прыкладу для гэтага ўсе свае намаганні.