Следчы камітэт высвятляе акалічнасці ДТЗ у Івацэвіцкім раёне з удзелам баявой машыны.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, 10 кастрычніка каля 21.40 на 166-м км аўтадарогі Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі адбылося сутыкненне аўтамабіля «Рэно-Трафік» з баявой машынай БAЗ.

Паводле папярэдніх дадзеных, ваенная тэхніка ў той момант ажыццяўляла манеўр развароту, выехаўшы на паласу сустрэчнага руху праз раздзяляльную паласу.

У выніку ДТЗ двое пасажыраў легкавога аўтамабіля 1986 і 1984 гадоў нараджэння з цялеснымі пашкоджаннямі шпіталізаваны ў Івацэвіцкую цэнтральную раённую бальніцу. Кіроўца «Рэно» не пацярпеў. Усе яны — грамадзяне Польшчы.

Ваеннаслужачыя траўмаў не атрымалі.

Па гэтым факце следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці сумесна з Івацэвіцкім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка.

Для высвятлення ўсіх акалічнасцяў таго, што адбылося, апытаныя кіроўца легкавога аўтамабіля і экіпаж баявой машыны, прызначана аўтатэхнічная, транспартна-трасалагічная і судова-медыцынскія экспертызы.

Пасля вызначэння ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў будзе вырашацца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?