Ганна Канапацкая — адна з дзвюх апазіцыянерак, якія прайшлі ў парламент. Ёй 39 гадоў, яна мінчанка, гадуе дваіх дзяцей, кіруе юрыдычнай фірмай і добра зарабляе, з'яўляецца сябрам АГП з 1995 года, балатавалася ў парламент у другі раз. Тым не менш, перамога на выбарах стала нечаканасцю для яе самой. Прыводзім вытрымкі з яе інтэрв'ю парталу TUT.BY.

— Вы скончылі юрыдычны факультэт БДУ, праўда?

— Так, я юрыст па прафесіі. Я вучылася ў 1993—1998 гадах. Гэта быў выдатны час: галоснасць, сапраўдны парламент, дыскусіі з выкладчыкамі, мой даклад на студэнцкай канферэнцыі аб тым, што рэферэндум 1996 года незаконны (і ўсе падтрымалі!). Усё гэта, напэўна, падштурхнула мяне ў палітыку.

— Вы прыйшлі ў Аб'яднаную грамадзянскую партыю яшчэ ў 1995 годзе, былі на ўстаноўчым з'ездзе. Як вы трапілі туды ў 19 гадоў?

— Мяне прывялі сябры сям'і з маёй згоды. Людзі, якія сабраліся там — гэта да гэтага часу знакавыя постаці, у тым ліку былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір [сябар сям'і Ганны Канапацкай]. Я заўсёды цікавілася палітыкай. Мае аднакурснікі цяпер кажуць: «Аня, ты хацела гэтага з першага курса».

— Дзе вы працавалі да таго, як сталі ўладальніцай юрыдычнай фірмы?

— Я пайшла працаваць пасля першага курса. Спачатку — не зусім легальна — у фармацэўтычную кампанію, дзе прайшла шлях ад дзяўчынкі «прынясі-падай» да юрыста. Потым мне захацелася сысці ў іншую сферу — страхаванне. Там я пачынала працаваць юрыстам, а скончыла на пасадзе намесніка дырэктара. Убачыўшы бязладдзе, якое рабілася на страхавым рынку, я падумала, што, можа быць, каштоўна і карысна паспрабаваць сябе на дзяржаўнай службе. Два месяцы я прапрацавала ў дэпартаменце па наглядзе за страхавой дзейнасцю Мінфіна. Страхавыя кампаніі казалі мне: «Які вы прагрэсіўны і разумеючы нас чалавек», але мой начальнік лічыў па-іншаму.

— А потым вы вырашылі адкрыць свой бізнэс.

— У тую фірму, якой я валодаю цяпер, я таксама прыйшла працаваць наёмным супрацоўнікам. І з часам стала ўладальнікам 90% акцый.

[…]

— Як вы даведаліся пра сваю перамогу на выбарах?

— Мы жартавалі пра гэта яшчэ з пятніцы, але ўсур'ёз я даведалася а палове першай ночы ў панядзелак, калі Лідзія Ярмошына абвясціла вынікі. Я ўсведамляла, што выбары несумленныя і непразрыстыя. Вельмі цяжка казаць за дзеянні трэціх асоб. Аб'ектыўных дадзеных няма. Калі б у нас былі назіральнікі ў акрузе… (на прэс-канферэнцыі Канапацкая падкрэсліла, што, «калі б выбары былі сумленнымі, мы б, безумоўна, усё роўна былі на іх пераможцамі»)

— Для мяне Таццяна Караткевіч, якая была вашым канкурэнтам на выбарах, больш пазнавальная асоба.

— Я ведаю, колькі я пікетаў адстаяла, колькі сустрэч правяла, колькі агітацыйных матэрыялаў раздала. Я магу сказаць, што як асоба была цікавая выбаршчыкам. Не ўсе падтрымлівалі, але некаторыя людзі казалі: «Вы зарабілі на сябе, значыць, вы заробіце для іншых».

— Так, ваш даход за мінулы год — амаль 300 мільёнаў рублёў (старымі) — уражвае.

— Я думаю, што я страчу ў грошах, калі прыйду ў парламент (сярэдняя зарплата дэпутата Палаты прадстаўнікоў складае 15-18 мільёнаў рублёў старымі). Я не хаваю, што ў мяне добры прыбытак. У мяне ёсць машына, кватэра, загарадны дом. Мне хапае на тое жыццё, якое я хацела б прапанаваць сваім выбаршчыкам.

— Але вы прапануеце рэформы. А чыноўнікі наракаюць, што беларусам уласцівыя «ўтрыманскія настроі».

— Не. У нас людзі вельмі хочуць годна жыць. І паглядзіце, як бы ні душылі гэтыя бізнэсы, яны працуюць. Людзі хочуць працаваць, але яны хочуць бачыць і вынік гэтай працы. Людзі стаміліся працаваць за капейкі.

— А сацыяльныя гарантыі трэба захоўваць?

— Так. Але калі дзяржава створыць паспяховыя ўмовы для бізнэсу, калі пройдуць эканамічныя і палітычныя рэформы, то любы разважны чалавек з галавой, рукамі і нагамі зможа зарабіць сабе на кватэру, машыну і пенсію.

— Газета «Народная воля» ў 2008 годзе пісала, што ваш бацька адмовіўся ад пенсіі. Гэта праўда?

— Так. Калі ён убачыў рахунак за кватэру, то зразумеў, што яго пенсіі не хопіць заплаціць за жыллё, на якое ён сам зарабіў. Ён быў вельмі абураны. Цяпер ён ужо атрымлівае пенсію, але год ён спрабаваў памяняць сістэму, каб яна адпавядала яго ўнёску. Мой бацька шмат зрабіў для гэтай краіны. Ён быў першым афіцыйным даляравым мільянерам ў Беларусі (бацька Ганны Канапацкай — бізнэсовец Анатоль Трухановіч, старшыня «Беларускага саюза падаткаплацельшчыкаў»).

— Сям'я падтрымала ваша рашэнне пайсці ў парламент?

— Так, больш за ўсё падтрымліваюць тата і сын. Тата абурыўся, калі да яго дайшлі чуткі, што я адмовілася ад мандата.

— Вашы дзеці цікавяцца палітыкай? (У Ганны Канапацкай 15-гадовая дачка і 17-гадовы сын).

— У школе ў сына неяк здарыўся казус. На палітінфармацыі маё дзіця крытычна выказалася пра прэзідэнта. Мяне ў школу выклікалі. Безумоўна, ён не павінен быў выказвацца, але мы ў сям'і лічым, што цяперашняя ўлада не найлепшая для краіны, і яе трэба мяняць.

Мне падабаецца стары савецкі анекдот, калі на конкурсе дысідэнтаў першае месца заняў сантэхнік, які прыйшоў і сказаў: «Тут не кран трэба мяняць, а ўсю сістэму». У нас сітуацыя, калі трэба мяняць сістэму. І можа быць, трэба пачынаць з сістэмы адукацыі. Я не хачу, каб мне тэлефанаваў класны кіраўнік майго дзіцяці і прымушаў ісці ў БРСМ! Я хачу, каб яго вучылі навукам.

— На настаўніках ляжыць ідэалагічная нагрузка, гэтага і прэзідэнт не адмаўляе.

— Я ведаю, наколькі прэстыжная праца настаўніка ў Германіі. А што ў нас? З іншага боку, я разумею, што нават 5 мільёнаў заробку для іх — крыніца да існавання. Так не павінна быць. У эканамічна развітых краінах доктар, настаўнік і юрыст — практычна самыя высокааплатныя прафесіі.

— Вы за бясплатную медыцыну?

— Я прыхільнік страхавой медыцыны. Нічога бясплатнага няма ў гэтым свеце. Вы плаціце падаходны падатак, купляеце тавары ў крамах і плаціце ПДВ. У нашага народа забралі ўпэўненасць у тым, што мы ўтрымліваем гэтую дзяржаву.

— Але людзі не хочуць самі плаціць за медыцынскія страхоўкі, а працадаўцы кажуць, што ў іх няма грошай.

— Пытанне ўпіраецца ў падатковы цяжар. Безумоўна, юрыдычныя асобы не павінны несці яго на сабе ў такім аб'ёме. Чалавек, які атрымлівае 100 рублёў, думае, што абышоўся прадпрыемству менавіта ў гэтую суму. А на самай справе ён прадпрыемству абыходзіцца добра, калі ў 160 рублёў. Значыць, гэты працаўнік павінен зарабіць мінімум 200 рублёў, каб прынесці прыбытак.

— У Авальнай зале вы гатовыя галасаваць «супраць»?

— Я гатовая да таго, што будзе адзін голас «супраць», і ўсе будуць ведаць, чый ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0