Супрацоўнікі Следчага камітэта праводзяць праверку па факце суіцыду родных братоў у Наваполацку, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

Першае самагубства адбылося 9 верасня: рахункі з жыццём звёў 17-гадовы навучэнец прафесійна-тэхнічнага вучылішча №89 Наваполацка, малады чалавек быў знойдзены павешаным.

Праз чатыры дні — 13 верасня — павесіўся яго 25-гадовы старэйшы брат. «Першы факт быў зафіксаваны ў Браслаўскім раёне, куды малодшы брат адправіўся на практыку. Напярэдадні ён не выказваў суіцыдальных намераў», — сказала Сахарава.

Яна таксама паведаміла, што следчыя апыталі знаёмых навапалачаніна і яго аднагрупнікаў: усе распавялі, што за дзень да трагедыі ён паводзіў сябе як звычайна і не быў чымсьці засмучаны. Аднак, па словах Сахаравай, на старонцы загінулага ва «Укантакце» быў знойдзены запіс, зроблены за дзень да самагубства, які можна трактаваць як паведамленне пра магчымы намер скончыць з сабой.

Другі суіцыд адбыўся 13 верасня, праз дзень пасля пахавання хлопца. Цела яго старэйшага брата, які прыехаў на пахаванне, было знойдзена ў Наваполацку, каля дома, дзе пражывае сям'я.

Сахарава распавяла, што 25-гадовы малады чалавек у размовах са сваякамі выказваў намеры здзейсніць суіцыд. «Ён казаў пасля пахавання, што такая спроба будзе», — сказалі ў СК. Па словах прадстаўніка УСК, зараз следчыя працуюць са сваякамі загінулых і іх знаёмымі, каб выявіць прычыны, якія прывялі да трагедыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?