Першы матч супраць «Астаны» скончыўся з лікам 2:0 на карысць казахаў. Значыцца, у гульні ў адказ барысаўчане мусілі адыграць гэтую розніцу, ды яшчэ і без траўмаваных Сяргея Верамко і Аляксандра Глеба.

Ад пачатку гульні БАТЭ ціснуў на суперніка, неўзабаве серб Мірка Іваніч выйшаў адзін на адзін з галкіперам, аднак выдатнай магчымасцю не скарыстаўся, пакаціўшы мяч побач з штангай.

На 27-й хвіліне ціск БАТЭ даў плён — даўнім стрэлам адзначыўся Міхаіл Гардзяйчук. Галявая перадача на рахунку Аляксея Рыаса.

Да канца першага тайма барысаўская атака працягвала напружваць «Астану», і здавалася, што перамога на адлегласці выцягнутай рукі.

Але як выявілася, гэта была толькі ілюзія.

У перапынку трэнер казахаў зрабіў адразу дзве замены, і каманда перастроілася. Ужо на 49-й хвіліне сербскі легіянер «Астаны» Няманья Максімавіч скарыстаўся падачай з вуглавога і не пакінуў шанца брамніку БАТЭ Антону Сароку. Пасля такога барысаўчанам трэба было перамагаць як мінімум з лікам 4:1… Каманда працягвала атакаваць, але без імпэту, нібы зразумеўшы марнасць гэтых спробаў.

«Астана» ж дзейнічала на контраатаках. Канчаткова дабіць беларусаў ім дапамог штрафны ўдар. На 77-й хвіліне Патрык Твумасі прыгожым стрэлам перакінуў сценку. Арцём Сарока не выратаваў каманду. Пазіцыя брамніка пасля сыходу ў французскі чэмпіянат Сяргея Чэрніка застаецца адной з наслабейшых.

Усё, на што хапіла БАТЭ, — гол з пенальці ад Ігара Стасевіча. Аднак ішла ўжо 89-я хвіліна.


Тым больш каманда сканчвала гульню ў меншасці пасля выдалення Рыаса.

Можна апеляваць да статыстыкі (БАТЭ прабіў па варотах 23 разы, «Астана» — толькі 7), сароміць казахаў, якія прымітыўна цягнулі час, але факт застаецца фактам: барысаўскі клуб не здолеў перамагчы ні разу.

Для многіх гульцоў БАТЭ гэтая параза можа стаць завяршэннем кар’еры ў клубе. Кажуць, эмацыйны кіраўнік Анатоль Капскі рыхтуе маштабную перабудову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?