Тэрыторыя Украіны — кананічная тэрыторыя Канстанцінопальскай Царквы, адзначыў прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату арцыбіскуп Іоў (Геча) у інтэрв'ю risu.org.ua.

«У гісторыі ўсе новыя Праваслаўныя Цэрквы да нашых дзён — гэта былыя тэрыторыі Сусветнага Патрыярхату, якім ён даваў аўтакефалію. І па кананічных прычынах Сусветны Патрыярхат мае ў праваслаўным свеце першае месца», — заявіў іерарх.

Па прычыне існавання Кіеўскай мітраполіі, якая аб'ядноўвала ўсіх праваслаўных Рэчы Паспалітай, Канстанцінопаль даў без згоды Маскоўскага Патрыярхату аўтакефалію Польскай Праваслаўнай Царкве ў 1924 годзе.

Кіеўская мітраполія была непасрэдна падпарадкавана Канстанцінопалю да канца 17 стагоддзя, калі Маскоўскае царства захапіла Кіеў.

«На аснове чаго быў дадзены Томас у 1924 годзе Польскай Праваслаўнай Царкве? Канстанцінопаль разглядаў Польскую Царкву як былую частку Кіеўскай мітраполіі. Як мы ведаем, пры мітрапаліце Цыпрыяне Цамблаку Кіеўская мітраполія знаходзілася ў межах польска-літоўскай дзяржавы, то бок яе межы пашыраліся і на тэрыторыю Польшчы, і на Літву», — сказаў архібіскуп.

Томас — пастанова прадстаяцеля памеснай праваслаўнай царквы на нейкім важным пытанні царкоўнай арганізацыі. У тым ліку Томас можа даваць частцы царквы правы аўтаноміі (частковага самакіравання) ці аўтакефаліі (поўнага самакіравання).

Са слоў арцыбіскупа зразумела, што кананічнай тэрыторыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату лічыцца і Беларусь як былая частка Вялікага Княства Літоўскага, якая таксама ўваходзіла ў Кіеўскую праваслаўную мітраполію.

«Калі ў 1924 годзе Канстанцінопаль дараваў аўтакефалію Польскай Царкве на грунце Кіеўскай мітраполіі, чаму сёння Канстанцінопаль не меў бы права даць самой Кіеўскай мітраполіі стан аўтакефаліі? Калі гэта было магчыма ў 1924 годзе — гэта магчыма і сёння», — заключае іерарх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?