У майскім нумары ведамаснага часопіса «Міліцыя Беларусі» выйшаў матэрыял супрацоўніцы музея Унутраных войскаў МУС Кацярыны Андрончык «Неписаный кодекс чести: из истории офицерского корпуса». 

Тэкст пачынаецца з даволі слушных словаў. 

«Сёння мы ўсё часцей звяртаемся да гісторыі, — піша аўтарка, — цікавімся жыццёвымі правіламі і традыцыямі тых, хто абараняў Радзіму і ахоўваў парадак».

Далей ідзе пералік афіцэрскіх традыцый тых «абаронцаў Радзімы», пра якіх вялася гаворка ў падводцы. 

Але каго аўтарка ставіць ва ўзор сённяшнім беларускім афіцэрам? Якую краіну называе Радзімай?

У матэрыяле няма аніводнага нашага суайчынніка! Ні адзін з герояў не мае ніякага дачынення да гісторыі беларускага афіцэрства.

Так, у раздзеле «Пачуццё афіцэрскай роўнасці» даецца спасылка на расійскага генерала Ганецкага — камандуючага Віленскай вайсковай акругі, які адзначыўся падчас падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага і нават атрымаў за час кампаніі тры ордэны.

Ганецкі вядомы тым, што разбіў корпус Серакоўскага — афіцэра, якога якраз і можна было б прывесці ў якасці ўзора. Яго потым з падачы Ганецкага павесяць на Лукішках, як і Каліноўскага.

Вось такімі прыкладамі забойцаў беларускіх патрыётаў натхняе сучасных афіцэраў Кацярына Андрончык. Але гэта толькі пачатак. 

Далей у тэксце прыводзіцца прыклады сяброўства на фронце. 

«Успомнім класічны прыклад: Сувораў, Кутузаў, Багратыён. Ужо як любілі Аляксандр Васільевіч і Міхаіл Іларыёнавіч свайго паплечніка! Хто кіраваў авангардам пры наступленні? Багратыён! Яго любілі і з ім сябравалі, бо ведалі: на яго можна пакласціся», — гаворыцца ў матэрыяле. 

Нават калі адкінуць у бок гістарычную неадпаведнасць —Багратыён недалюбліваў Кутузава усё адно застаюцца пытанні. Якое дачыненне да Беларусі мае расійскі камандуючы Сувораў? Прычым да Беларусі Кутузаў? 

Вядома, што сувораўскімі штыкамі Расійская імперыя ўрэшце ажыццявіла даўнюю сваю мару захапіць землі ВКЛ — для гэтага давялося рэзаць і беларускае цывільнае насельнцітва, ваюючы з паўстанцамі Касцюшкі.

І хаця ў той час беларусы масава апалячваліся, а палітычная і ўнутраная сітуацыя была цяжкая, факт застанецца фактам — войска Суворава было расійскім, ніякага беларускага афіцэрства там не было. Якія ў ім можна шукаць традыцыі? 

Падобная сітуацыя з Кутузавым, які шырока вядомы як кіраўнік кампаніі супраць Напалеона. 

Але ці закладаліся ў расійскім войску Кутузава беларускія афіцэрскія традыцыі? 

Пазнакі зробленыя аўтарам падчас чытання артыкула

Пазнакі зробленыя аўтарам падчас чытання артыкула

«Большая частка тутэйшых маладых людзей носяць ордэн Ганаровага легіёна, які даў ім Напалеон за тое, што ў 1812-м годзе яны ваявалі супраць нас, і гэта вельмі натуральна надае халоднасць узаемным адносінам», — так у 1821 годзе пра Мінск пісаў Мікіта Мураўёў, адзін з кіраўнікоў расійскіх дэкабрыстаў. 

Дык ці можна пісаць, што ў войску Кутузава, супраць якога разам з Напалеонам ваявалі беларусы, складваліся афіцэрскія традыцыі? 

Але і гэта не ўсё. У тэксце як на падбор фігуруюць гістарычныя асобы, да якіх тагачаснае беларускае насельніцтва не адчувала ніякай любові. 

У раздзеле «Аб узнагароджванні» прыводзіцца ўзор расійскага генерала Еўграфа Федотавіча Камароўскага і ягоныя погляды на заахвочванне падначаленых афіцэраў да службы. 

Ці можна гэтага пецярбургскага генерала ад інфантэрыі часоў Кацярыны ІІ аднесці да пачынальніка беларускіх афіцэрскіх традыцый?

Паглядзім у ягоныя ж «Запіскі» — аўтабіяграфічныя нататкі Камароўскага. 

Вось ён апісвае момант прыбыцця ў Вільню расійскага імператара Аляксандра І і ўрачыстую вячэру з гэтай нагоды, у якой генерал суправаджаў расійскага манарха.

«На тое прызначаны быў замак недалёка ад Вільні, — піша Камароўскі. — Замак прызначаны быў для балю, а для вячэры трэ' было выбудаваць драўляную галерэю, што даручана было найлепшаму архітэктару з палякаў [Тагачаснае насельніцтва былой Рэчы Паспалітай рускія пагалоўна называлі палякамі Аўтар.], які знаходзіўся ў Вільні. Напярэдадні таго дня, як прызначана было свята, уся пабудаваная галерэя абрынулася; на шчасце, што ў ёй тады нікога не было, а больш яшчэ, што не тады, калі б яна была напоўнена гасцямі. Архітэктар, які будаваў гэтую галерэю, пасля гэтага няшчаснага здарэння без вестак знік: казалі, што знайшлі яго капялюш на беразе ракі Віліі».

Вось так беларускае насельніцтва сустракала тых, каго ў часопісе «Міліцыя Беларусі» ставяць ва ўзор.

Ці варта казаць, што далей у тэксце прыводзяцца нейкія унтэр-афэцэры Мурамскай (!) інваліднай каманды і г.д. 

Тэкст сканчаецца высновай аўтаркі пра тое, што час хуткаплынны, і вельмі імкліва змяняюцца войска і людзі ў пагонах. 

Але, маўляў, «традыцыі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, заўсёды будуць тым падмуркам, на які абапіраецца кодэкс гонару афіцэраў». 

Мы паспрабавалі звязацца з аўтаркай і высветліць, чаму ў яе тэксце няма ні слова пра беларусаў, якія маюць свае, адрозныя ад рускіх афіцэрскія традыцыі. 

Але яшчэ перад гэтым мы высветлілі, што ўвесь тэкст, надрукаваны ў «Міліцыі Беларусі» — гэта мікс з публікацый расійскага аўтара Аляксандра Гірына і некаторых іншых крыніц.

Таму нашае пытанне палягала толькі ў тым, чаму Кацярына Андрончык выдае (з мінімальнымі праўкамі) чужы тэкст за свой і не разумее пры гэтым, што падмяняючы нашую слаўную гісторыю чужой, наўрад ці спрыяе тым самым беларускаму патрыятызму сярод афіцэраў. 

Але Кацярына адмовілася каментаваць штосьці па тэлефоне. 

Замест гэтага ў Рэдакцыю праз некаторы час пазваніў чалавек, які назваўся намеснікам старшыні арганізацыі ветэранаў МУС, палкоўнікам у адстаўцы.

Ён спрабаваў высветліць, якая нам справа да публікацый у часопісе «Міліцыя Беларусі» і на поўным сур'ёзе сцвярджаў, што «кансультаваў» аўтарку пры падрыхтоўцы матэрыялу — і гэта ён казаў пра тэкст, цалкам злізаны з інтэрнэта.

Але вось галоўны рэдактар часопіса Сяргей Рачыла прыняў нашыя заўвагі і запэўніў, што рэдакцыя адкрыта да супрацоўніцтва і гатовая друкаваць матэрыялы іншых аўтараў, якія валодаюць тэмай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?