Два браты з Гомельскай вобласці звярнуліся праз Youtube па дапамогу да «роднага бацькі Аляксандра Рыгоравіча».

Аўтар звароту, жыхар райцэнтра Акцябрскі Валерый Даніленка сцвярджае, што пасля раней размешчанага на партале роліка з яго удзелам кіраўніцтва ПМК-37 (перасоўная механізаваная калона) вырашыла не працягваць з ім працоўны кантракт і пагражае, што ў раёне ён больш працы не знойдзе. Другі ўдзельнік відэазвароту — брат Валерыя Даніленкі Васіль.

Раней Валерый Даніленка размясціў на Youtube відэазварот да жыхароў раёна з просьбай аб дапамозе і скаргай на адмову начальства працягваць кантракт.

Даніленка сцвярджаў, што, адпрацаваўшы 30 гадоў у ПМК, цяпер, у 55-гадовым узросце, застанецца без сродкаў да існавання. Пасля першага роліка ў інтэрнэце кіраўніцтва ПМК заяўляла, што рашэнне аб падаўжэнні альбо непадаўжэнні кантракта пакуль не прынятае.

«Сёння заходжу да начальніка, ён мне адказ даў: я табе кантракт не падаўжаю, мне такія людзі не патрэбныя, якія дрэнна працуюць. Няспраўнае ўсё, а на нас напалі на дваіх», — сцвярджае Васіль Даніленка.

Па словах аўтараў звароту, у раёне не праводзіўся капітальны рамонт шлюзаў, а вінаватымі робяць рабочых.

«Закладваеш ключы, ламы, вочы на лоб і ціснеш — усё трашчыць і б'ецца, а шлюзы ні з месца. Нават новыя шлюзы практычна цалкам выйшлі са строю. І яны знайшлі крайніх. На кім вы выязджаеце? Вы самі вінаватыя ва ўсім, таму што яно няспраўнае. Ні аднаго чалавека не звальняюць, акрамя нас дваіх», — скардзіцца Валерый Даніленка.

Ён звяртаецца да Лукашэнкі: «Родны бацька Аляксандр Рыгоравіч! Да вас асабістая просьба ад Даніленкі Валерыя Іванавіча і Даніленкі Васіля Іванавіча: калі ласка, разбярыцеся і дайце адказ на гэтае пытанне».

Начальнік Акцябрскага ПМК-37 Аляксандр Быхан у каментары БелаПАН пацвердзіў, што сапраўды працоўны кантракт з братамі Даніленкамі не будзе працягнуты. Але, па словах начальніка, прычына — не ролік у інтэрнэце, а неналежнае выкананне працоўных абавязкаў гэтымі работнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?