Тут і ніжэй фота: cskabasket.com, з асабістага архіва Антона Астапковіча

Тут і ніжэй фота: cskabasket.com, з асабістага архіва Антона Астапковіча

У дзевяностых-нулявых беларуская лёгкая атлетыка знаходзілася на сваім піку. Калі быць дакладней, на пік наш спорт узносілі кіданні і штурханні. Ледзь не з кожных буйных спаборніцтваў беларусы прыязджалі з медалямі.

Малатабоец Ігар Астапковіч і дыскаболка Ірына Ятчанка ведалі адно аднаго вельмі даўно. Сумесныя зборы, паездкі на спаборніцтвы – спартсмены пастаянна размаўлялі, а падчас турніраў шчыра падтрымлівалі адно аднаго. Сяброўства перарасло ў нешта большае. У 1990-м годзе пара заключыла шлюб. Галоўныя медалі да спартсменаў прыйшлі ўжо пасля жаніцьбы. Ігар Астапковіч двойчы ўзышоў на алімпійскі п'едэстал – срэбра ў Барселоне, бронза ў Сіднэі. Ірына Ятчанка да золата ЧС-2003 таксама дадала дзве алімпійскія ўзнагароды: у Сіднэі і Афінах беларуска заканчвала спаборніцтвы на трэцім месцы. Праўда, грэчаскую медаль пазней у Ірыны ўсё ж такі забяруць за допінг.

У Астапковіча і Ятчанка паспяховай была не толькі кар'ера, але і асабістае жыццё. У 1994-м годзе Ірына падарыла Ігару сына – хлопчыка назвалі Антон. Хлопец пайшоў у бацькоў – рослы, дужы. Спартовая будучыня Антона была перадвызначанай.

— Мае бацькі – спартсмены. І менавіта ў спорт я быў аддадзены з дзяцінства. Да пяці гадоў я ўвесь час бачыў, чым займаюцца мама з татам.

 

Баскетбол прыйшоў у жыццё Антона, калі яму было 8 гадоў.

— На ўрок да нас у клас зайшоў мой першы трэнер і сказаў, што праводзіцца набор у баскетбольную каманду. Вырашыў паспрабаваць. У першы дзень было чалавек 50 – не менш. На наступны засталося двое, у тым ліку я. Так і працягнуў трэніравацца.

— Чаму сын не пайшоў па нашых слядах? – успамінае Ірына Ятчанка. – Яму падабаецца, і гэта самае галоўнае. Хай лепш гуляе ў баскетбол, чым кідае дыск. У плане фізічных нагрузак у нас складаны від спорту.

Асновы баскетбола Астапковіч-малодшы спасцігаў у сталічнай ДЮСШ «Аўтазаводзец», дзе займаўся шэсць гадоў – з 2002 па 2008 гады. Затым хлопца вычапіў найлепшы клуб краіны – тады яшчэ не «Цмокі», а «Мінск-2006». Праўда, надоўга там Антон не затрымаўся – ужо праз год бацька завёз сына на прагляд у ЦСКА. Прагляд скончыўся падпісаннем пагаднення з моладзевай камандай самага тытулаванага клуба Расіі.

— Шчыра кажучы, для мяне пераезд быў параўнальны з тым, як часам бацькі вучаць сваіх дзяцей плаваць, – успамінаў пачатак маскоўскай кар'еры Антон. – Маляня кідаюць у ваду, ён прыстасоўваецца і пачынае плыць. Было вельмі цяжка – усё новае, я адзін, бацькоў няма. Трэба было прыстасоўвацца.

У «армейскай» маладзёжцы Антон хутка выйшаў на галоўныя ролі – на працягу трох гадоў Астапковіч уваходзіў у асноўны склад, а пасля нават стаў прыцягвацца да трэніровак з першай камандай. Стала зразумела: расейцы сапраўды паспрабуюць увесці пад сваё крыло (чытай: пашпарт) чарговага таленавітага беларуса. Хоць, па словах тагачаснага галоўнага трэнера юніёрскай зборнай Беларусі Руслана Байдакова, хлопца спрабавалі ўтрымаць.

— Астапковіча, як і іншых хлопцаў, якія з'ехалі, мы выклікаем да гэтага часу, таму што Антон – беларус. Рабілі гэта і ў цяперашнім цыкле, прычым неаднаразова. Але, як бачыце, Астапковіч у размяшчэнне каманды не прыбыў. Безумоўна, для яе Антон стаў бы сапраўднай знаходкай. А пасля мог бы ўзмацніць і нацыянальную зборную.

Зрэшты, версія бацькі Антона дыяметральна супрацьлеглая.

- З беларускага боку ніякіх дзеянняў па ўтрыманні сына прадпрынята не было.

У той жа час экс-лёгкаатлет не адмаўляў, што запрашэнні Антону ў зборную Беларусі паступалі, але ён не мог прыехаць з-за таго, што лісты прыходзілі акурат падчас сесіі ў інстытуце. Пытанне, ці будзе сын выступаць за Расію, Астапковіч-старэйшы пакідаў без каментароў.

 

Між тым Астапковіч-малодшы працягваў прагрэсаваць. У сезоне 2014/15 тады яшчэ беларускі баскетбаліст ЦСКА-2 быў прызнаны MVP моладзевай Лігі ВТБ. У сярэднім Антон набіраў прыстойныя 16,2 ачкі за матч, ды і астатнія лічбы былі цалкам сабе годныя. Але браў наш баскетбаліст нават не статыстыкай, а відовішчнасцю – за эфектныя данкі хлопца празвалі «Лятаючы беларус». А зверху «Лятаючы беларус» сапраўды кладзе выдатна – сёлета Астапковіч выйграў данк-контэст на Матчы маладых зорак Лігі ВТБ.

Размовы пра выдачу Антону расійскага пашпарта толькі ўзмацняліся. Прычым працэс натуралізацыі не адмаўляў і сам малады баскетбаліст.

— Гэтым пытаннем займаюцца. Спадзяюся ўбачыць сябе ў колерах расійскай зборнай. Гэта як бы адна з маіх мэтаў. Я нават скажу па сакрэце, мая самая галоўная мэта – гэта «пераскочыць» бацькоў. Для гэтага трэба патрапіць у зборную.

Мінулым летам Антон фактычна стаў перад выбарам: альбо згаджацца на расійскі пашпарт і заставацца ў ЦСКА нелегіянерам, альбо адмаўляцца і, з вялікай доляй імавернасці, пакідаць знакаміты клуб. Астапковіч абраў першы варыянт і падпісаў з клубам новы пяцігадовы кантракт.

На дадзены момант Антон ужо мае за сваімі плячыма досвед выступлення ў абодвух найважнейшых для ЦСКА турнірах – малады хлопец мацаў нагамі паркет Еўралігі плюс правёў сем матчаў у Адзінай лізе ВТБ. Апошні раз ужо былы беларус выходзіў на пляцоўку ў мінулую нядзелю на «Мінск-Арэне» ў матчы супраць «Цмокаў». Праўда, гульня на гістарычнай радзіме на вачах у бацькоў баскетбалісту цалкам не ўдалася – за тры хвіліны на пляцоўцы Астапковіч ачкоў не набраў, затое паспеў здзейсніць пару страт.

За свой спартыўны рост і кар'ернае прасоўванне Антон вельмі ўдзячны маме з татам, якім дзякуе, як толькі выпадае магчымасць. На сваёй старонцы «УКантакце» хлопец напісаў пранізлівы тэкст.

— Неймаверна тое, што яны мне дапамагалі ўсё жыццё і дапамагаюць да гэтага часу. Яны заўсёды мне кажуць, як лепш. Яны заўсёды мяне рыхтавалі. Яны заўсёды мяне трэніравалі. Яны заўсёды хацелі лепшага для мяне. Яны заўсёды будуць мне прыкладам. Яны заўсёды будуць найлепшымі для мяне. Без іх я ніхто і зваць мяне ніяк. Дзякуй ім, і яшчэ не раз я буду ім дзякаваць, таму што яны заўсёды будуць побач!

Антону ўжо 22, але ён да гэтага часу працягвае разрывацца паміж «армейскімі» асновай і маладзёжкай, працягваючы хадзіць у перспектыўных. Дацягнуцца да вынікаў бацькоў яму будзе ой як няпроста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?