«Ісландцы знялі прыгожы і разумны фільм «Бараны» (Hrútar), — піша ў сваім фэйсбуку Дзмітрый Гурневіч. — Аператарская праца шыкоўная. Кожны стопкадр можна вешаць у рамку над ложкам і цомкаць ад захаплення. Ад маляўнічых ісландскіх краявідаў па скуры праходзіць халадок. Па-сутнасці, нямала асалоды ад фільму можна было б атрымаць паглядзеўшы яго і без гуку, уключыўшы замест гукавой сцежкі, напрыклад, музыку Sigur Ros. 

Рэжысёр Грымур Гаконарсон распавядае гісторыю двух братоў Гумі і Кідзі, якія жывуць на поўначы выспы. Браты жывуць у дамах па-суседску, гадуюць авечак і… 40 гадоў паміж сабой не размаўляюць. Самае важнае ў іх жыцці – гэта авечкі. І ў той момант, калі адносіны паміж імі ўваходзяць у пікавую фазу вастрыні, яны дазнаюцца шакуючую навіну – у ваколіцы з’явілася смяротная для авечак хвароба — пачасуха. Каб пазбегнуць эпідэміі, улады прымаюць рашэнне забіць усіх авечак у раёне. Гэта дае пачатак збліжэнню паміж братамі. 

Крытыкі ўгледзелі ў фільме аналогію з банкаўскім крызісам 2008 года, калі Ісландыя з краіны-казкі ператварылася ў банкрута. І гісторыю паміж пасваранымі братамі шмат хто з іх успрыняў як параўнанне з ісландскім народам, якому ў цяжкі час патрэбнае адзінства. У крызісу і сапраўды былі добрыя бакі: павялічылася кнігачытанне, продаж нацыянальных ваўняных швэдраў і вырас унутраны турызм. Але Гаконарсон ў інтэрв’ю кажа, што такой мэты ў яго не было, і што ён хацеў паказаць усяго толькі гісторыю двух братоў, важнасць адносін у сям’і і ўвогуле паміж людзьмі. 

«Бараны» – гэта вельмі мудры фільм пра пошукі адзінства і паразумення, абароны ад небяспекі, якая пагражае ладу жыцця двух братоў. 40 гадоў маўчання і адрозненні паміж імі робяцца неістотнымі, калі тое, што яны любяць, што для іх у жыцці істотнае, аказваецца ў небяспецы. 

Фільм Гаконарсона без феерверкаў і з мінімальнай колькасцю дыялогаў зараджае добрымі эмоцыямі. Рэжысёр, дзякуючы тонкай іроніі, па-майстэрску распраўляецца з унутранымі «тараканамі» двух братоў і напрыканцы фільма перадае гледачу пазітыўную энэргію. 

Ісландскае кіно і літаратура мне тым, акурат, і падабаюцца, што, умеючы пасмяцца над сабой, творцы там не кідаюцца ў скрайнасці, каб уключыць напоўніцу комплекс віны народу альбо асобных герояў і самабічавацца. І з іншага боку: кажучы пра хараство сваёй краіны, пра прыгажосць культуры і глыбіню традыцый, у іх ёсць дыстанцыя да сябе і няма жадання самаідэалізацыі і самазахаплення. У іх вельмі тонкае адчуванне прапорцый. Такі фільм «Бараны». Ён вельмі проста расказвае пра вялікія і важныя рэчы. Рэкамендую».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?