Паглядзеў Spotlight, Оскар за найлепшы фільм — 2016. Фільм як вытворчая драма, падручнік па investigative journalism, дзе галоўнае перадаць правілы рамяства: этас выкрывальніцтва (спалучаны з адказнасцю за развіццё супольнасці), максімальная адданасць працы (за кошт асабістага жыцця), клопат пра звычайных людзей, пакрыўджаных усёмагутнай сістэмай.

Праўда, у Інтэрнэт-эпоху журналісты з алоўкамі і блакнотамі выглядаюць архаічна, і падазраю, што гэты фільм быў так бліскуча ўспрыняты як настальгічны плач па традыцыйнай журналістыцы, што паступова адыходзіць у нябыт. Гімн паміраючай прафесіі. Паплачам разам над гэтымі журналістамі з гарачымі сэрцамі, запаленымі вачыма і бліскучай памяццю.

Але разам з тым Оскар дадзены і за сацыяльнае пасланне, за чарговае маральнае ачышчэнне. Натуральна, выкрываць сеціва педафілаў — святая задача, тым больш, біць з розных бакоў каталіцкую царкву ў нашыя часы — гэта модна, прэстыжна і грамадскі карысна. Колькі ўжо фільмаў у апошнія часы было знята пра злачынствы каталіцкай царквы, не пералічыць. Больш за тое, з фільма вынікае, што педафілія — гэта сістэмная з'ява для каталіцызму, не нейкія эксцэсы, а абавязковыя 6% святароў. Што-што, а маніпуляваць свядомасцю ў Галівудзе даўно навучыліся.

Вось толькі Ватыкан даўно ўжо пакутліва прымае ўсе нападкі, імкнецца быць як мага больш ліберальным, падатлівым, сучасным. А педафільскія бардэлі для праваслаўнай іерархіі — гэта не цікавая тэма для кінематографа? А дзе фільмы з крытыкай ісламу? Я разумею, што лёс Тэа ван Гога ніхто паўтарыць не хоча, дый гарбата з палоніем — не найлепшы сняданак для сцэнарыста. Але ідзіце вы ў дупу тады са сваёй сацыяльнай адказнасцю ды антысістэмным духам, калі можаце толькі зграяй нападаць на дазволеныя і па сутнасці безабаронныя аб'екты.

Для Галівуда слізкая дарожка — ісці шляхам грамадскай карыснасці, так можна стаць філіялам Берлінскага кінафестываля.

Фільм рамесніцкі, добра зроблены, але ніякі не прарыўны. Параўнайце з «Шалёным Максам», бліскучым і геніяльным, якому насыпалі тэхнічных «Оскараў». 

Але ж галоўнае, што ўзнагароды далі Дзі Капрыа і Марыконэ, справядлівасць для ўсіх і кожнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?