Беларускаму форварду ўсё ж не ўдалося абыйсці Аляксандра Авечкіна у галасаванні заўзятараў па выбары капітанаў каманд на Матч зорак НХЛ.

Як вядома, у гэтым сезоне Матч зорак НХЛ пройдзе ў новым фармаце. Упершыню ў шоу возьмуць удзел не дзве, а адразу чатыры каманды — зборныя чатырох дывізіёнаў (Цэнтральнага і Ціхаакіянскага, а таксама Сталічнага і Атлантычнага), піша tut.by.

У паўфіналах каманда зорак Цэнтральнага дывізіёна сустрэнецца з камандай Ціхаакіянскага дывізіёна, а каманда зорак дывізіёна «Сталічны» пазмагаецца з камандай Атлантычнага дывізіёна. Пераможцы паўфіналаў паспрачаюцца за галоўны прыз у фінальным матчы. Пераможца атрымае 1 мільён долараў. Матчы будуць праходзіць у фармаце «3 на 3», як гуляюць цяпер у НХЛ у авертаймах.

Вынікі галасавання балельшчыкаў па выбары капітанаў каманд апублікаваў афіцыйны сайт НХЛ. Капітанам зорнай дружыны Сталічнага дывізіёна будзе Аляксандр Авечкін з «Вашынгтона», з якім за лідарства да апошняга спрачаўся беларускі нападаючы Міхаіл Грабоўскі з «Нью-Ёрк Айлэндэрз». Для Авечкіна маючы адбыцца Матч зорак стане шостым у кар'еры.

Матч зорак НХЛ пройдзе 31 студзеня, калі Міхаіл Грабоўскі адзначыць свой 32-і дзень нараджэння. У пачатку снежня дзеці Грабоўскага заклікалі заўзятараў галасаваць за свайго тату.

Апытанне, даступнае любому заўзятару, фінішавала 1 студзеня. Галасаваць можна не больш за 10 раз за дзень.

Капітанам каманды Атлантычнага дывізіёна абраны 43-гадовы Ярамір Ягр з «Фларыды».

Нападаючы «Чыкага» Патрык Кейн, які лідыруе ў спрэчцы бамбардзіраў сезону, стане капітанам каманды Цэнтральнага дывізіёна.

Абсалютным пераможцам галасавання заўзятараў стаў 33-гадовы тафгай з «Арызоны» Джон Скот, які ў цяперашнім чэмпіянаце адыграў у 11 паядынках і зарабіў 1 (0 + 1) бамбардзірскі бал. Ён будзе капітанам каманды Ціхаакіянскага дывізіёна.

Сам Джон Скот быў здзіўлены ходам галасавання, у якім адразу ж захапіў лідарства: «Я не ведаю, што адбываецца, стараюся трымацца ўбаку ад усяго гэтага. Усе паведамляюць мне, як ідзе галасаванне. Мабыць, я чамусьці падабаюся заўзятарам. Думаю, гэта хутчэй жарт. Я дакладна не хачу, каб мяне выбралі на Матч зорак. Было б крута, вядома, але зараз я гэтага не заслугоўваю».

Форвард «Фларыды» Ярамір Ягр падзяліўся новымі асцярогамі з нагоды Матчу зорак НХЛ.

З гумарам у сваім твітары пракаментаваў трапленне на матч зорак тафгая з «Арызоны» Ярамір Ягр, які 15 лютага адзначыць 44-годдзе: «Раней я баяўся, што фармат 3 на 3 на Матчы зорак можа мяне забіць. Цяпер я больш баюся, што бойка з Джонам Скотам - 6,8 фута, 300 фунтаў (2,03 метра, 136 кг - Рэд.) заб'е мяне напэўна».

Імёны астатніх 40 гульцоў на Матч зорак НХЛ адбярэ Дэпартамент хакейных аперацый лігі, яны будуць абвешчаныя 6 студзеня. Кожная каманда лігі павінна быць прадстаўлена на Матчы зорак хоць бы адным гульцом.

У кожнай зборнай будзе па 11 гульцоў (6 форвардаў, 3 абаронцы і 2 брамнікі).

Адзначым, што ў мінулым сезоне пры выбары хакеістаў на Матч зорак НХЛ незвычайную актыўнасць праявілі латвійскія заўзятары, якія прасунулі на шоу свайго суайчынніка, на той момант 20-гадовага форварда Земгуса Гіргенсонса з «Бафала».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0