Канфіскаваная ў Беларусі буйная партыя кантрафактнага алкаголю можа быць атрутнай, паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмецьева.

Як паведамлялася, у канцы лістапада беларускія праваахоўнікі спынілі канал пастаўкі і збыту ў Беларусі кантрафактнага алкаголю з Расіі на Br1,2 млрд. «Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі не выключае сувязь затрыманай буйной партыі «шэрага» алкаголю з канфіскаваным расійскімі калегамі сурагатным алкаголем у Краснаярскім краі, ад ужывання якога пацярпелі больш за 40 чалавек, 11 з якіх загінулі», — сказала Вераніка Пасмецьева.

Тады праваахоўнымі органамі Расіі было выяўлена, што атручванні адбываліся з-за ўжывання падробак вядомага алкагольнага брэнда Jack Daniels (таксама вядомы выпадак атручвання каньяком «Лезгінка»). Алкаголь нелегальна (саматужным спосабам) вырабляўся на тэрыторыі Маскоўскай вобласці, затым праз ланцужок пасрэднікаў дастаўляўся ў рэгіёны Расіі, пасля чаго праз нелегальныя інтэрнэт-крамы і старонкі сацыяльных сетак распаўсюджваўся па ўтрая заніжаных коштах (кошт вагаўся ад 300 да 700 расійскіх рублёў) сярод насельніцтва.

Следчым камітэтам Расіі распачата 8 крымінальных спраў па ўказаных фактах, затрымана 4 асобы, якія прызнаныя падазраванымі (усе — жыхары Краснаярска). Аналагічныя выпадкі атручвання зафіксаваныя ў Чувашыі, Арэнбургскай, Маскоўскай, Курскай і Калужскай абласцях. Расспажыўнагляд накіраваў пазовы ў суды з мэтай заблакаваць больш за 14 сайтаў, якія гандлююць алкаголем.

«У цяперашні час супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі АУС Беларусі праводзяць сумесную працу з калегамі АУС Расіі па выяўленні асоб, датычных да нелегальнай вытворчасці названай падакцызнай алкагольнай прадукцыі і незаконнай рэалізацыі кантрафактнага алкаголю на тэрыторыі Мытнага саюза. ГУБЭЗ МУС просіць грамадзян быць пільнымі, каб не стаць ахвярай махляроў, не нанесці шкоду свайму здароўю, і набываць алкагольную прадукцыю, маркіраваную акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь у спецыялізаваных гандлёвых аб'ектах», — адзначыла Вераніка Пасмецьева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?