Першы год Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕЭС) прадэманстраваў, наколькі адрозна Расія і Беларусь бачаць гэты інтэграцыйны праект.

У той час як Расія спрабуе стварыць нешта падобнае да Еўрапейскага Саюза для знешняй аўдыторыі і Савецкага Саюза для ўнутранай, Беларусь не атрымлівае дадатковых выгодаў ад гэтага праекту. Скарачэнне вялікай колькасці выключэнняў з гандлёвых тарыфаў адбываецца вельмі павольна, а гандаль Беларусі з сябрамі ЕЭС ўпаў на траціну.

24 лістапада расійская газета «Коммерсант» напісала, што Еўразійскі эканамічны саюз можа неўзабаве адмяніць бязмытны экспарт аўтамабіляў, вырабленых на тэрыторыі ЕЭС. Гэта істотным чынам ударыць па эканоміцы Беларусі і можа падарваць усю ідэю зборачных ліній Geely, Peugeot і Citroën у краіне.

Саюз амбіцый Расіі?

Першы год Еўразійскага эканамічнага саюза паказаў, што Расія хацела зрабіць гэты праект падобным да Еўрапейскага Саюза. Арменія і Кыргызстан сталі членамі саюза нароўні з Беларуссю, Казахстанам і Расіяй. ЕЭС падпісаў ўзаемнае пагадненне аб свабодным гандлі з В’етнамам, а ў адпаведнасці з артыкулам Пуціна, апублікаваным 17 лістапада на сайце кітайскага агенцтва Сіньхуа, у цяперашні час каля 40 краін разглядаюць магчымасць стварэння зоны вольнага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам.

Некаторыя ідэі ЕЭС відавочна атрымалі натхненне ад Еўрапейскага Саюза, напрыклад, жаданне адмяніць роўмінг ці ідэя стварэння агульнай ідэнтычнасці. У пачатку года спікер верхняй палаты расійскага парламента Валянціна Мацвіенка падкрэсліла неабходнасць «умацавання інфармацыйнай працы, каб захапіць масы еўразійскімі ідэямі».

Але здаецца, што толькі Расія думае пра саюз такім чынам. Беларусь бачыць гэта інакш.

Так мала эканомікі і так шмат палітыкі

У першы год свайго існавання Еўразійскі эканамічны саюз прынёс Беларусі дрэнныя эканамічныя вынікі. Акрамя таго, падзенне коштаў на нафту і пагаршэнне стану расійскай эканомікі моцна ўдарылі па еўразійскай інтэграцыі.

У першыя шэсць месяцаў 2015 года таваразварот паміж Беларуссю і іншымі краінамі ЕЭС знізіўся на $ 2,5 млрд у параўнанні з першым паўгоддзем 2014 года. Гэта значыць, што беларускі гандаль з Еўразійскім эканамічным саюзам сёлета знізіўся на траціну. Па дадзеных Еўразійскай эканамічнай камісіі, толькі Беларусь і Арменія адчулі падобны спад.

2015 год не прынёс чаканай лібералізацыі гандлю. Дзіўна, але Беларусь, якая звычайна трымаецца пратэкцыянісцкай палітыкі, актыўна прасоўвае зняцце абмежаванняў у гандлі паміж краінамі ЕЭС.

Беларусь спрабуе атрымаць доступ да важных для яе рынкаў нафты і газа, аднак Расія плануе лібералізаваць іх толькі ў 2025 годзе. Гэта дазволіць кампаніям іншых краін купляць расійскія энергарэсурсы на тых жа ўмовах, што маюць расійскія кампаніі.

Бадай усе беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі ў 2015 годзе выступалі за зніжэнне гандлёвых абмежаванняў. 12 ліпеня міністр замежных спраў Уладзімір Макей паскардзіўся, што «ЕЭС не павінен быць цацкай», намякаючы, што Крэмль бачыць саюз менавіта такім чынам. Па словах прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, ў лютым 2015 года спіс выключэнняў ва ўзаемным гандлі пачаў расці.

Самая вялікая праблема Еўразійскага эканамічнага саюза мае мала агульнага з эканомікай, ці прынамсі з тым, што людзі звычайна разумеюць пад эканомікай. Гандлёвыя войны з Расіяй працягваюцца, нягледзячы на існуючыя пагадненні. Еўразійскі эканамічны саюз пачаў сваё існаванне на фоне харчовай вайны Беларусі і Расіі. Канфлікт разгараўся цягам усяго года, калі Расія абвінавачвала Беларусь у рээкспарце заходніх прадуктаў. У выніку Расія забараніла ўвоз пэўных групаў тавараў і аднавіла мытныя праверкі на беларуска-расійскай мяжы.

Працяг гандлёвых войнаў паказвае, што Крэмль ўспрымае ЕЭС у якасці палітычнага праекта. Да таго ж, у апошні час амаль кожнае пытанне набывае палітычную афарбоўку.

24 лістапада газета «Коммерсант» апублікавала артыкул, паводле якога Казахстан і Расія прапануюць адмяніць прэферэнцыі для замежных аўтавытворцаў, якія збіраюць аўтамабілі на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Калі гэта адбудзецца, замежныя кампаніі могуць спыніць зборку Geely, Peugeot і Citroën ў Беларусі. Гэтым летам Беларусь падпісала кантракт з General Motors, які можа быць перагледжаны, калі ЕЭС адменіць прэферэнцыі.

Ужо ў снежні кіраўнікі Еўразійскага эканамічнага саюза могуць прыняць рашэнне аб адмене гандлёвых прэфэрэнцый. Выглядае на тое, што ўсе краіны, за выключэннем Беларусі, падтрымліваюць гэты крок.

Дзве інерцыі еўразійскай інтэграцыі

Нягледзячы на тое, што Беларусь у многіх пытаннях сёлета не наблізілася да іншых краін ЕЭС, Еўразійская эканамічная камісія, тэхнічны орган саюза, зрабіла некалькі крокаў наперад у прасоўванні інтэграцыі. У верасні камісія абвясціла, што яна прыняла шэраг пагадненняў у галіне энергетыкі, сельскай гаспадаркі і інфраструктуры. У наступным годзе мае адбыцца лібералізацыя фармацэўтычнага рынку, а ў 2017 годзе павінен з’явіцца агульны валютны рынак.

Тым не менш, у працэсе інтэграцыі працягвае дамінаваць палітычная інерцыя, што прыводзіць да яе распаду. Расія ўспрымае ЕўрАзЭС у якасці палітычнага праекта, які спрыяе яе ўласнай гегемоніі, а іншыя краіны глядзяць на еўразійскую інтэграцыю падазрона.

Акрамя таго, некаторыя краіны па-ранейшаму не хочуць бачыць Еўразійскі эканамічны саюз адзіным для сябе інтэграцыйным праектам. 24 лістапада Казахстан завяршыў ратыфікацыю дакументаў, звязаных з уступленнем у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Значная частка тарыфаў, што ўвайшлі ў пагадненне паміж Казахстанам і СГА, з’яўляюцца ніжэйшымі за тыя, што прынятыя ў ЕЭС.

Акрамя таго, эканамічны спад у зоне саюза і асабліва ў Расіі падрывае стымулы краін для далейшай інтэграцыі. У такіх умовах першы год сяброўства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе паказаў даволі слабыя вынікі. Еўразійская інтэграцыя працягвае адбывацца больш на словах, чым на справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?