Пра гэта гаворыцца ў заяве «Аб спыненні кампаніі «Народны рэферэндум» і далейшай супольнай працы па папулярызацыі яе пытанняў», падпісанай старшынёй Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, першым намеснікам старшыні Руху «За Свабоду» Юрасём Губарэвічам і старшынёй БСДП (Грамада) Ірынай Вештард.

«Кампанія «Народны рэферэндум» была ініцыяваная Рухам «За Cвабоду», Партыяй БНФ, грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду» у траўні 2013 года. Пазней, у 2013 годзе, да ініцыятывы далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), кампанію падтрымлівалі шэраг іншых грамадска-палітычных арганізацыяў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

«Галоўнай ідэяй кампаніі было сфармуляваць важныя пытанні жыцця і будучыні Беларусі як незалежнай дэмакратычнай дзяржавы, вынесці іх на ўсенароднае абмеркаванне і дасягнуць агульнанацыянальнага кансенсусу. З 2013 года і да пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе «Народны рэферэндум» дазволіў пашырыць, асабліва ў міжвыбарны час, палітычную камунікацыю ў краіне, мабілізаваць дэмакратычных актывістаў і атрымаць падтрымку значнай колькасці грамадзянаў Беларусі», — сцвярджаюць аўтары заявы.

«У межах ініцыятывы арганізатары наведалі дзясяткі гарадоў, правялі грамадскія слуханні і сустрэчы з чыноўнікамі і дэпутатамі, і, самае галоўнае, былі сабраныя подпісы беларусаў у падтрымку правядзення рэферэндуму як законнага спосабу мірных пераменаў у краіне. З гэтых подпісаў 50 тысяч былі пададзены ў Палату прадстаўнікоў.

«Мы з вялікім жалем канстатуем, што супольна напрацаваны патэнцыял быў неналежным чынам скарыстаны адным з партнёраў дзеля дасягнення ўласных тактычных задачаў, далёкіх ад першапачатковых мэтаў. У выніку быў падарваны як давер грамадства да кампаніі «Народны рэфэрэндум», так і давер паміж арганізацыямі-удзельнікамі НР», — сцвярджаюць аўтары заявы.

Праз гэта пад час прэзідэнцкай кампаніі каардынацыя паміж ініцыятарамі НР была спыненая. Дэ-факта, «Народны рэферэндум» быў разбураны як агульнанацыянальная надпартыйная кампанія, што базавалася на даверы, роўнасці і каардынацыі партнёраў і задумвалася як значна шырэйшая за выбарчыя кампаніі ды праграмы асобных кандыдатаў.

У дадзенай сітуацыі мы канстатуем, што кампанія «Народны рэферэндум» страціла свой патэнцыял і не можа існаваць у ранейшым фармаце. Мы заяўляем аб спыненні супольнай ініцыятывы «Народны рэферэндум» і далейшай супольнай працы па папулярызацыі яе пытанняў.

У той жа час, мы перакананыя, што ідэі «Народнага рэферэндуму» застаюцца актуальнымі для Беларусі і будзем іх адстойваць і надалей, інтэгруючы іх у свае грамадска-палітычныя праграмы рэфармавання Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0