Беларускі гурт Litesound падаў заяўку на ўдзел у адборачным конкурсе «Еўрабачанне» ад Малдовы, паведаміў бацька братоў Каракіных Юры. Яны выступаюць трыа з малдаўскай спявачкай Katherin. Разам выканаюць песню Imagine, словы і музыку да якой напісалі Дзмітрый і Уладзімір Каракіны.

Адбор у іншых краінах адрозніваецца ад Беларусі, таму цяжка сказаць, які будзе вынік, кажа Юрый Каракін. Пакуль гурт падаў заяўку і неўзабаве пройдзе першае праслухоўванне.

— Ад Беларусі ўжо адзін раз прадстаўляліся, навошта больш. Трэба паспрабаваць свае сілы ў іншым месцы, — пракаментаваў выбар гурту Юры Каракін. Паводле яго слоў, пасля ўдзелу ў «Еўрабачанні» ад Беларусі група Litesound практычна забароненая, групу выключаюць з тэлевізійных канцэртаў.

— Проста выганяюць з Беларусі, таму група ў асноўным выступае за мяжой. Падчас аднаго з выступаў пазнаёміліся з Katherin і пачалася сумесная творчая праца. Здалося цікавым спалучэнне галасоў, а потым аказалася, што па ўмовах конкурсу ў Малдове, важна, каб у складзе быў грамадзянін краіны. Умовы выкананыя, песня спадабалася, і гэта чарговы цікавы эксперымент для гурту, — тлумачыць Юрый Каракін.

Ганенні групы ён звязвае з помстай чыноўнікаў, якія атрымалі вымову за няправільны падлік галасоў і «на працягу трох гадоў помсцяць за гэта».

Перамозе Litesound на «Еўрафэсце» папярэднічаў скандал. Спачатку ў фінале конкурсу «Еўрафэст» перамагла Алёна Ланская. Аднак пазней высветлілася, што вынікі былі падтасаванымі, пра што заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па выніках правядзення фіналу Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта «Еўрафэст».

— Як мяне інфармуюць ўжо дзве групы, якія па маім даручэнні гэтым займаліся, вынікі фіналу конкурсу апынуліся падтасаванымі. Не ведаю, навошта і чаму. Гэта мы разбярэмся, калі не тут, то ў межах крымінальнай справы. Прабачэння нікому не будзе. Таму я прапаную вам не цямніць, - сказаў тады прэзідэнт.

Пасля аднаўлення справядлівасці ў падліку галасоў на «Еўрабачанне-2012» паехаў Litesound. На конкурсе яны выканалі песню «We Are The Heroes» («Мы — героі»), але не прайшлі ў фінал «Еўрабачання».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?