Калі знаходзішся ўнутры інсталяцыі «Modry» Лявона Тарасэвіча, то не да канца разумееш, чаму яна знаходзіцца менавіта ў гэтым месцы. Новы Сілезскі музей у Катавіцах можа здавацца абсалютна далёкім і неадназначным месцам для прэзентацыі новага арт-аб’екта праваслаўнага беларуса з Падляшша.

Верхняя Сілезія знаходзіцца па-за «беларускім кантэкстам» (хаця некаторыя гістарычныя повязі паміж гэтым рэгіёнам і Беларуссю можна знайсці) і вылучаецца сваёй выразнай адметнасцю. Куратарка выставы Тарасэвіча, мастацтвазнаўца Анда Ротэнбэрг, піша пра тое, што мастак з’яўляецца прадстаўніком «асаблівай меншасці, якая трымаецца сваёй складанай тоеснасці. З гэтага пункту гледжання ягоны погляд на Сілезію звязаны з эмпатыяй і зразуменнем праблемаў гэтага рэгіёну – таксама шматкультурнага і таксама адлеглага ад цэнтра Польшчы як Падляшша». Гэтая сувязь паміж рэгіёнамі, якія часта не знаходзяцца ў цэнтры ўвагі і маюць выразную этнічную, культурную і рэлігійную спецыфіку, дае магчымасць Лявону Тарасэвічу не толькі дастасаваць свой арт-аб’ект (распрацаваны ў рэчышчы існуючага ад 70-х галоў ХХ ст. «мастацтва «для месца» – site-specific art) да новага музея, але і «выказацца» наконт сучаснасці.

Дрэва і фарба – асноўныя матэрыялы мастака — не толькі ўдала кампануюцца з сучасным будынкам, але таксама могуць быць алегорыяй працы. Этас працы ў выпадку Сілезіі вельмі важны. Асаблівы стасунак да цяжкай працы гарнякоў у шматлікіх шахтах ствараў гісторыю гэтага рэгіёна і выціснуў моцнае таўро на штодзённым жыцці, самаўсведамленні жыхароў. Змены ў прамысловасці і паступовы адыход ад здабычы вугалю значна змянілі Верхнюю Сілезію ў апошнія 25 год і выклікалі патрэбу ў пераасэнсаванні не толькі эканамічных справаў, але таксама цэлых пластоў культуры і тоеснасці.

Новы Сілезскі музей адкрыўся летам 2015 года на тэрыторыі былой шахты каменнага вугалю «Катавіцы» ў самым цэнтры Катавіцаў і вельмі хутка стаў важным месцам прыцягнення для жыхароў і турыстаў. Архітэктары максімальна захавалі першапачатковую прастору аб'екта, і значная частка арыгінальных будынкаў была менавіта прыстасаваная для музея. Большасць экспазіцыйных залаў знаходзіцца пад зямлёю, невялікія новыя павільёны прапускаюць святло ў глыб залаў і ствараюць незабыўнае ўражанне. Старыя мастэрні і лазня таксама будуць уведзеныя ў музейную прастору на працягу наступнага году і наведвальнікі змогуць ўбачыць больш выставаў і даведацца пра Сілезію.

Апрача ўласна музея тут змяшчаецца бібліятэка і цэлы шэраг звыклых для сучаснага культурнага аб'екта кавярняў і крамаў, а сама тэрыторыя – добрае месца для шпацыраў. З высокай вежы адкрываецца выдатны від на цэнтр Катавіцаў.

Цэнтрам экспазіцыі з'яўляецца гістарычная выстава «Святло гісторыі. Верхняя Сілезія на працягу мінуўшчыны». Першапачатковая ідэя выставы была вельмі неадназначная. Шматлікія крытыкі закідвалі яе стваральнікам не толькі «фальшаванне» мінулага, але нават спробу сімвалічнага адрыву Сілезіі ад Польшчы ці патуранне ідэям сучасных рэгіянальных аўтанамістаў. Выстава была пераасэнсаваная. Наведвальнікі могуць прасачыць праблему выбару сілезцаў у трагічных умовах нацыяналізмаў і таталітарызмаў ХХ стагоддзя. Асаблівае значэнне надаецца не толькі сярэднявеччу і складванні спецыфікі рэгіёну, але перадусім індустрыялізацыі ХІХ стагоддзя: ад паравой машыны да здабычы карысных выкапняў і сучаснай металургіі. Складванне своеасаблівай рэгіянальнай тоеснасці сілезцаў адбылося ўжо ў ХІХ ст. і выбар паміж польскасцю і нямецкасцю быў адным з самых цяжкіх і трагічных на працягу амаль усё першай паловы ХХ стагоддзя. Першая сусветная вайна, тры Сілезскія паўстанні, падзел рэгіёна паміж трыма краінамі ў выніку плебісцыта ўзмацнілі этнічныя антаганізмы і выклікалі патрэбу адназначнага выбару для большасці жыхароў. Другая сусветная вайна на тэрыторыі рэгіёна таксама мела выразную адрознасць ад іншых рэгіёнаў Польшчы: тут паняцці «калабарацыі», «лаяльнасці» ці «супраціву» значна менш адназначныя і больш шматгранныя. Асаблівую цікавасць для мяне мела частка, прысвечаная «карнавалу «Салідарнасці» пачатку 80-х гадоў ХХ ст. Яна не толькі паказвае рабочы рух і ягоную самаарганізацыю, але таксама змены сілезскага грамадства. Выстава не толькі інтэрактыўная і дапасаваная да наведвальнікаў рознага ўзросту і фізічных магчымасцей, але таксама дазваляе поўнасцю адчуць моўную асаблівасць рэгіёну: інфармацыя даступная не толькі па польску, ангельску, нямецку, але таксама на верхнесілезскім дыялекце.

Важным момантам выставы з'яўляюцца эмоцыі. Яны вельмі розныя. Большасць наведвальнікаў вядзе сябе даволі стрымана, але часта я чуў захапленне, нейкі паток успамінаў, а нават абурэнне і неадназначнае ўспрыняцце ідэі выставы і памежнага мінулага.

Апрача гістарычнай выставы можна наведаць галерэю польскага мастацтва 1800-1945 гг., галерэю польскага мастацтва пасля 1945 г., галерэю непрафесійнага мастацтва. Таксама для розных груп наведвальнікаў можа быць цікавай лабараторыя тэатральнай прасторы, якая паказвае розныя праекты тэатральнай сцэнаграфіі, касцюмы, а нават тэатральныя лялькі.

Новы музей стаўся часткай новай гарадской прасторы ў самым цэнтры постіндустрыяльнага рэгіёну – «сферы культуры». Апрача музея тут знаходзіцца сучасная сядзіба Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Польскага радыё і Міжнародны кангрэсавы цэнтр. Праз пешаходны віядукт можна трапіць у сучасную універсітэцкую бібліятэку, якая не наракае на колькасць чытачоў.

Вяртаючыся да «беларускага кантэкста» пасля шпацыру па музеі, пачынаеш не толькі міжволі параўноўваць, але таксама думаць, што памежжы як прасторы маюць нешта агульнае. Колеры, якія выкарыстаў Лявон Тарасэвіч, не толькі падкрэсліваюць зямлю, неба, вугаль ці зерне. Яны звязваюць розныя лёсы і розныя землі паміж сабою, як быццам б паказваючы, што не ўсё так адназначна, не ўсё так проста і не ўсё можна патлумачыць знаёмым чынам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?