Еўрасаюз павінен дамагчыся ад Беларусі сур'ёзных гарантый выканання правоў чалавека да рашэння па санкцыях у лютым 2016 года. Аб гэтым гаворыцца ў сумесным лісце Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», які накіраваны міністрам замежных спраў краін ЕС.

«FIDH і яе членская арганізацыя ў Беларусі — праваабарончы цэнтр «Вясна» — лічаць, што, нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў галіне правоў чалавека, што назіраюцца са жніўня 2015 года, у цэлым сістэмных змяненняў, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі ў гэтай галіне, не назіраецца», — гаворыцца ў лісце.

Праваабаронцы заклікаюць ЕС распрацаваць стратэгію для дасягнення ключавых мэтаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі да 28 лютага 2016 года, калі Савет ЕС павінен прыняць рашэнне аб аднаўленні, працягу замарожвання або адмене абмежавальных мер адносна Беларусі.

«Мы ўпэўненыя, што менавіта сістэмныя змяненні на ўзроўні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі будуць сведчыць аб намеры ўрада Беларусі істотна палепшыць сітуацыю ў галіне абароны правоў чалавека ў краіне. Сістэмныя змяненні ў галіне правоў чалавека таксама найлепшая гарантыя ад магчымага рэгрэсу, які неаднаразова назіраўся раней», — падкрэсліваецца ў лісце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?