У кітайскай правінцыі Цянцзінь плануюць пабудаваць самы вялікі ў свеце завод па кланаванні жывёл, паведаміў кіраўнічы камітэт Цянцзіньскай зоны эканамічнага і тэхнічнага развіцця.

Прадпрыемства, у будаўніцтва якога плануецца інвеставаць 200 млн юаняў (31,3 млн даляраў), будзе ўключаць у сябе лабараторыю, цэнтр кланаваных жывёл, «генны банк» і выставачную залу.

Камітэт па развіцці правінцыі падпісаў пагадненне з кампаніяй Yingke Boya Gene Technology, якая належыць кітайскай групе Boyalife, лідарам у краіне па даследаванні уласцівасцяў ствалавых клетак.

Як паведамляецца, будаўніцтва асноўнага корпуса завода ўжо пачатае. У спіс жывёл, якіх плануюць кланаваць, уваходзяць службовыя і хатнія сабакі, каровы і бегавыя коні.

Цяпер мяркуецца, што частка прадукцыі завода будзе выстаўляцца на продаж.

Па словах кіраўніка групы Boyalife Сюй Сяачуня, праектная магутнасць завода прадугледжвае вытворчасць 100 тысяч каровіных эмбрыёнаў на год — гэта дапаможа вырашыць праблему недахопу ялавічыны на ўнутраным рынку.

Першая ў Кітаі кампанія, якая займаецца камерцыйным кланаваннем жывёл, была заснаваная ў 2014 годзе групай Boyalife і кампаніяй Sooam Biotech. Першым яе прадуктам сталі трое чыстакроўных шчанюкоў тыбецкага мастыфа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?