Беларуская мова на працягу ўсёй сваёй гісторыі існавання ўзбагачалася лексікай з іншых моваў. Гэты працэс з’яўляецца натуральным для любой мовы, асабліва, калі гаворка ідзе пра тэрміны. 

Менавіта праз калькаванне ў беларускай праз паўднёваславянскія мовы з’явіўся грэцкі тэрмін εὐλογία, аб гэтым піша ў кантэксце царкоўнаславянскай і рускай моваў лінгвіст Смірнова.

У мове арыгінала гэтае слова складаецца з εὖ— «дабро» і λόγος — «слова». Падобна збудаванае і лацінскае benedicere: bene — «добра» і dictum —«сказанае». У габрэйскай Бібліі гэтае слова мае іншую этымалогію: корань БРХ звязаны з БэРэх — «калена», а дзеяслоў БаРаХ ужываецца ў значэнні як «станавіцца на калені», так і грэцкагага дзеяслова εὐλογέω.

Шлях у сучасную беларускую мову гэтага тэрміна быў не простым. Гэтае слова прыйшло з грэцкай і замацавалася ў старажытнай літаратуры (галоўным чынам царкоўнай) як складанае слова ў першай сваёй частцы з «благ-».

Лінгвіст Філін сцвярджае, што шырока ўжываліся ў кніжных помніках тэрміны з «благ-», тым не менш, у позніх рукапісах гэтая частка слова часта замянялася на «дабра-».

Звернемся да царкоўнаславянскай (старабалгарскай) мовы, адкуль і калькавалася гэтае слова, як і шмат іншых з «благ-» у першай частцы складаных словаў. Аказваецца, што існуе палярнасць значэнняў і вытворных лексем у паўднёваславянскіх мовах і заходне-, усходнеславянскіх арэалах. Напрыклад, у сучаснай балгарскай мове «блажá» — есці тлустую ежу, у македонскай «блажи» — мець саладкавы смак, у славенскай «blážiti» — ашчаслівіць, у чэшскай «blažiti» — прыносіць радасць, дабро, але у беларускай мове адзінае слова з «благ-» — прыметнік «благі», які мае адмоўнае значэнне «дрэнны, кепскі» (пар. літоўскае blõgas— «дрэнны, слабы»).

Узнікае пытанне — ці ўсё ж маюць супольнае паходжанне гэтыя словы ў славянскіх мовах?

Існуе меркаванне такіх лінгвістаў, як Міклаш, Бернекер, Машэк, Пакорны і іншых, што праславянскае *bolgъ спрычынілася да словаўтварэння ва ўсходня-славянскіх мовах з дадатнім значэннем, а ў беларускай да з’яўлення такіх словаў, як «балазе», «балазей», «незбалазь», «паблажлівасць», а праславянскае *blag -–«дрэнны, слабы» (грэц. βλáξ— млявы), спрычынілася да ўтварэння прыметніка «благі» ў значэнні «дрэнны».

Аказваецца, што паходзяць гэтыя супрацьлеглыя словы з іншых крыніцаў! Дарэчы, у беларускай мове можна выдзеліць антонімы: «балагі» ў значэнні шчаслівы, якое сустракаем у перакладзе Евангелляў Васіля Цяпінскага і сучасны прыметнік «благі» ў значэнні «дрэнны».

Што ж, калі гэтая тэорыя, якой прытрымліваюцца славутыя лінгвісты, не абвергнутая да гэтага часу, і пры наяўнасці ў беларускай мове антонімаў «балагі»і «благі», можна сцвярджаць пра рознае паходжанне гэтых словаў — пры такім раскладзе, лацінскаму тэрміну benedictum і яго антоніму maledictum у беларускай мове тэарэтычна маглі б адпавядаць складаныя словы ў першай частцы з «балаг-» і «благ-». Магчыма, праблема крыецца ў сугучнасці гэты двух супрацьлеглых словаў, у рэдкасці словаў з «балаг-» і ў выразным негатыўным адценні слова «благі», адсутнасці аналізу паходжання гэтых словаў і бяздумным калькаванні.

Сучасная беларуская мова практычна ўсе запазычаныя складаныя словы з грэцкай мовы ў першай сваёй частцы зεὖ- засвоіла праз «дабра-»: дабрабыт, дабравеснік, дабраволец, дабрадайнасць, дабрадзейнасць, дабрадумнасць, дабрадушнасць, добразычлівасць, дабрамыснасць, дабрароднасць, дабратворнасць, дабрачыннасць, дабрашчаснасць, дабраякаснасць…

Многія іншыя тэрміны ў беларускай мове не патрабуюць запазычання, ім адпавядаюць уласныя беларускія словы (благоволение — ласка, спрыянне, зычлівасць, прыхільнасць; благодарение — падзяка, дзякаванне, падзякаванне, удзячанне…). Практычна адзіным выключэннем з’яляецца слова «благаслаўленне» (апошнім часам ў лексіцы Праваслаўнай Царквы з’явіўся тэрмін «благадаць»).

Спрэчкі аб дарэчнасці выкарыстання «благ-» у першай частцы слова «благаслаўленне» не сціхаюць. Варта заўважыць, што тэрмін, як і ў старажытныя часы з кампанетам «благ-», належыць пераважна да царкоўнай лексікі, хоць выкарыстоўваецца зараз і ў свецкай літаратуры. Сярод перакладчыкаў рэлігійных тэкстаў розных канфесіяў тэрмін не мае адзінасці.

Прывядзём прыклады дзеясловаў ад грэцкага назоўніка εὐλογία: блаславіць — Янка Купала, слоўнік братоў Гарэцкіх, слоўнік Байкова і Некрашэвіча, Аляксандр Надсан; благаславіць— Праваслаўная і Рыма-каталіцкія Цэрквы, афіцыйная літаратура; багаславіць — Антон Луцкевіч, Пётра Татарыновіч, некаторыя выданні БАПЦ, Уладыслаў Чарняўскі.

Аналізуючы гэтыя варыянты словаў, трэба заўважыць, што яны далёкія ад грэцкага дзеялова εὐλογέω, дзе назоўнік εὖ мае значэнне «дабро», не можа быць аднакарэнным з «блага», скарочаным ад гэтага слова «бла-», ці тым больш ад «Бога».

Ці неабходна далей шукаць адпаведніка царкоўнаславянскаму «благ-» у выглядзе «блага-», «бла-», «бага-», альбо адзінае слова-выключэнне «благаслаўленне» належала б калькаваць па прынцыпу іншых запазычаных складаных словаў з грэцкай мовы з εὖ- у першай частцы, праз «дабра-»? Падобны варыянт слова таксама існуе ў беларускай мове дабраславіць— Васіль Сёмуха, Янка Станкевіч і іншыя, але праблема запазычання грэцкага εὐλογία гэтым не вырашаецца.

Засяродзіўшыся на першай частцы слова, мала хто звяртае ўвагу на другую, якую складае грэцкае слова λόγος— «слова», але ні ў якім выпадку не «слава» (грэц. δόξα). Трэба сцвердзіць, што вышэйзгаданыя варыянты з’яўляюцца дакладнай калькай грэцкага εὐδοξία, дзе εὖ— «дабро», δόξα — «слава», але не тэрміну εὐλογία, дзе εὖ— «дабро» і λόγος — «слова».

Ці з’яўляюцца ў беларускай мове словы «слава» і «слова» аднакарэннымі, што дазволіла б у дзеяслоўнай форме заіснаванню «славіць» ад «слова»? Не, гэтыя словы не аднакарэнныя. Дзеяслоўная форма ад «слова» усё ж павінна мець выгляд як «словіць», а не «славіць». Згодна з правіламі беларускага словаўтварэння грэцкае εὐλογία павінна быць «дабраслоўленнем», дзе корань другога слова ў складаным –слоў- з «о» ў моцнай пазіцыі, якое па ўсіх правілах гістарычнай граматыкі ніяк не можа пераходзіць у «а», а не –слаў-.

Ні ў якім разе не хацелася б спрычыніцца гэтым артыкулам да пагаршэння ўжо існых спрэчак і абмеркаванняў падобнай лексікі, але ўсё ж варта звяртаць увагу на спосабы засваення запазычанай лексікі ў нашай мове і на значэнне ўласных словаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе словаўтварэння тых ці іншых тэрмінаў.

Мне падаецца, што па-беларуску правільна было б казаць «дабрасловіць», «дабраслоўленне».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?