«Генплан Мінска — антынародны, зацвярджаць яго ў такім выглядзе нельга» — такое меркаванне выказаў 19 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня аргкамітэта грамадскага аб'яднання «Экаград» Віктар Янчурэвіч. Яго падтрымалі і члены ініцыятыўных груп жыхароў горада, якія прысутнічалі на ёй. 

Нагадаем, першапачаткова грамадскае абмеркаванне, якое пачалося 14 кастрычніка, планавалася завяршыць 5 лістапада. Потым абмеркаванне было прадоўжанае па 13 лістапада. 

«Мы прапануем дапрацаваць генплан і вынесці яго на паўторнае грамадскае абмеркаванне», — адзначыў Янчурэвіч. 

На яго думку, увёўшы ў генплан такія новыя тэрміны, як «дэталізацыя і ўдакладненне рэгламентаў генеральнага плана» і «ўнікальныя аб'екты сталічнага ўзроўню», тым самым «улады развязалі рукі». «Фактычна Мінгарвыканкам навязвае правілы гульні, пры якіх правілаў няма. Дэталізуючы і ўдакладняючы рэгламенты на стадыі дэталёвых праектаў, яны могуць іх змяняць, а прапануючы да будаўніцтва ўнікальныя для горада аб'екты, дазваляюць сабе не выконваць ніякія рэгламенты па асваенні зон, на якіх яны збіраюцца іх будаваць», — лічыць актывіст. 

Ён таксама адзначыў, што генплан парушае і заяўленыя аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва, замест 600 тыс. кв. метраў у год закладваецца ў сярэднім прыкладна 1 млн. кв. метраў. «Улічваючы, што Мінск не плануецца будаваць за межамі МКАД, гэта азначае ўшчыльненне існай забудовы і знос прыватнага сектара ў значна большым аб'ёме, чым гэта заяўлена ў генплане», — лічыць актывіст. 

Янчурэвіч упэўнены, што знос прыватнага сектара і ўшчыльненне існай забудовы будзе азначаць скарачэнне і знішчэнне зялёных зон. 

«На самай справе новы генплан распрацаваны не для жыхароў, не ў іх інтарэсах, а ў інтарэсах выключна будаўнічага сектара, задавальнення яго інтарэсаў. А гэта адбіваецца на навакольным асяроддзі, на здароўі жыхароў», — лічыць Янчурэвіч.

Для вырашэння вышэйпазначаных праблем ініцыятыўныя групы жыхароў прапануюць стварыць грамадскі горадабудаўнічы савет пры старшыні Мінгарвыканкама. Як паведаміў Янчурэвіч, адпаведная прапанова будзе перададзена сёння старшыне Мінгарвыканкама Андрэю Шорцу. 

«Для таго каб у далейшым не ўзнікала праблем у сферы горадабудаўніцтва і нагнятання грамадскай напружанасці, трэба, каб генплан Мінска ствараўся не проста ў майстэрні «Мінскграда», а нараджаўся падчас дыялогу ўлады горада, спецыялістаў, архітэктараў, праекціроўшчыкаў і грамадскасцю. Мы, жыхары горада, павінны ўдзельнічаць у развіцці сталіцы непасрэдна», — лічыць Янчурэвіч. 

Ён нагадаў, што Шорац, заступаючы на пасаду, звяртаўся да жыхароў з просьбай больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці горада і прапанаваць ініцыятывы. «Сёння мы хочам прапанаваць стварыць пры старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта грамадскі горадабудаўнічы савет. Менавіта грамадскі, таму што архітэктурна-горадабудаўнічы савет са спецыялістаў ёсць, няма грамадскай структуры, якая магла б стрымліваць і кантраляваць працу ўсіх тых, хто займаецца планаваннем развіцця горада. Такая структура на сёння вельмі неабходная», — лічыць актывіст. 

Таксама прапануецца стварыць аргкамітэт з прадстаўнікоў ініцыятыўных груп жыхароў і арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі аргкамітэта і СМІ, каб абмеркаваць магчымасці і шляхі рэалізацыі гэтай ініцыятывы. 

Рэалізацыя права фізічных асоб на спрыяльнае асяроддзе пражывання прадугледжвае іх удзел у горадабудаўнічым планаванні развіцця населеных пунктаў і ажыццяўленні архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Гэтае палажэнне артыкула 4 закона аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці прыводзіцца ў якасці аргумента ў прапанове. 

Пад прапановай падпісаліся: Віктар Янчурэвіч, прадстаўнікі ініцыятыўных груп вуліцы Вільямса, парку 40-годдзя Кастрычніка, Уручча-2, вуліцы Кірава («Вароты Мінска»), вуліцы Р. Люксембург, Сельгаспасёлка, праспекта Незалежнасці, 109, вуліцы Васняцова, мікрараёна Асмалоўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?