У Еўразійскім эканамічным саюзе з 1 студзеня 2016 года будзе забаронена гандляваць «лейкозным» малаком, паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі.

«Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі», які змяшчае ў тым ліку патрабаванні да сырога малака, прыняты рашэннем Камісіі Мытнага саюза ў снежні 2011 года. Трэба падкрэсліць, што названы тэхнічны рэгламент уступіў у сілу ў ліпені 2013 года. З 1 студзеня 2016 года патрабаванні тэхрэгламенту аб бяспецы харчовай прадукцыі МС, якія забараняюць гандаль «лейкозным» малаком, у краінах ЕАЭС стануць абавязковымі», — гаворыцца ў каментарыі прэс-службы ЕЭК.

У адпаведнасці з гэтым дакументам да абарачэння ў саюзе дапускаецца сырое малако, атрыманае толькі ад здаровых кароў. Прычым з гаспадарак, дзе няма заразных захворванняў жывёл. Сярод такіх захворванняў названы і лейкоз. Ён трапіў у тэхнічны рэгламент Мытнага саюза ў адным спісе з небяспечнымі хваробамі: яшчурам, чумой, бруцэлёзам.

Такое абмежаванне дзейнічае ў многіх дзяржавах, напрыклад, у краінах Еўрасаюза.

«Вытворцам малака і малочных прадуктаў дзяржаў саюза было прадастаўлена дастаткова часу для падрыхтоўкі да работы ў новых умовах: змянення тэхналогій, правядзення неабходных прафілактычных мерапрыемстваў і г.д., — падкрэсліваецца ў каментарыі. — Акрамя таго, многія вядучыя вытворцы прымалі ўдзел у распрацоўцы як тэхнічнага рэгламенту «Аб бяспецы харчовай прадукцыі», так потым і тэхрэгламенту саюза «Аб бяспецы малака і малочнай прадукцыі». Такім чынам, прадстаўнікі вядучых малочных кампаній дэ-факта з'яўляюцца сураспрацоўшчыкамі ключавых дакументаў, што рэгулююць пытанні бяспекі прадукцыі ў гэтай сферы».

У ЕЭК таксама адзначылі, што да 31 снежня 2015 года ў ЕАЭС дапускаюцца вытворчасць і выпуск малака і малочнай прадукцыі ў адпаведнасці з нацыянальнымі, прынятымі да «харчовага» тэхрэгламенту, нарматыўнымі прававымі актамі. Гэта значыць пераходны перыяд, які дае магчымасць бізнесу падрыхтавацца да работы па новых патрабаваннях, склаў чатыры гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?