Савет Рэспублікі на пасяджэнні сесіі 30 кастрычніка пазбавіў недатыкальнасці члена верхняй палаты парламента Андрэя Паўлоўскага, паведамілі ў прэс-службе СР.

tut.by

tut.by

«Гэтае рашэнне прынята на падставе матэрыялаў, што паступілі з праваахоўных органаў, якія тычыліся яго дзейнасці як уладальніка камерцыйных структур, і не звязана з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў члена Савета Рэспублікі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СР.

Паводле звестак tut.by, Паўлоўскага не толькі пазбавілі недатыкальнасці, але і затрымалі супрацоўнікі КДБ. «Сёння [у Савеце Рэспублікі] выступіў [старшыня КДБ Валерый] Вакульчык і сказаў, наколькі мы зразумелі, пра ўтойванне падаткаў структурамі Паўлоўскага», — распавёў адзін з членаў СР. «Самога бізнэсмэна ў зале не было», — дадаў ён.

Па словах калегі Паўлоўскага, бізнэсмэн, верагодна, быў незадоўга да гэтага затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў. «Цяпер не час для каментароў. Калі Андрэй Паўлавіч выйдзе, можа быць, усё сам раскажа», — сказаў знаёмы Паўлоўскага.

Мабільны тэлефон Андрэя Паўлоўскага не адказвае. У прэс-службе КДБ не змаглі даць аператыўны каментар.

***

Андрэй Паўлоўскі — член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Быў абраны членам СР пятага склікання ад Гродзенскай вобласці (вылучаны ад Ваўкавыскага, Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў). 

Паўлоўскі — член Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Біяком».

Мае падзячныя лісты Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў, Беларускага дзіцячага дома, установы аховы здароўя «Гродзенскі дом дзіцяці змешанага тыпу» і храма Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Узнагароджаны ганаровымі граматамі Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў, дзяржаўнай установы «Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест», ордэнам Рускай праваслаўнай царквы Свяціцеля Кірылы Тураўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?