У інтэрв'ю «Народнай волі» чэмпіёнка свету і сярэбраная прызёрка Алімпіяды-2012, плыўчыха Аляксандра Герасіменя пацвердзіла сваю прыхільнасць нацыянальнай сімволіцы.

«Мне здаецца, што старажытны сімвал нашай зямлі — Вялікага Княства Літоўскага — «Пагоня» актуальны сёння, як ніколі. Калісьці вершнікі ВКЛ даганялі захопнікаў, якія ўрываліся і рабавалі нашу зямлю. Цяпер нам таксама трэба даганяць — дзякуй Богу, не для ўзброенай сутычкі, а для таго, каб адчуваць сябе роўнымі сярод моцных.

Нам ёсць чаму вучыцца, і гэта абавязкова трэба рабіць, таму што расце толькі той, хто ўмее мяняцца.

Тут лёгка правесці паралель з вялікім спортам: калі хочаш змагацца за золата чэмпіянатаў свету, то трэба быць у курсе сучасных міжнародных методык, не баючыся адмаўляцца ад таго, што калісьці было добрым і перадавым.

Я люблю мову, як і ўсе нармальныя беларусы. Але ў рэальным жыцці карыстаюся ёй рэдка. І, скажам, у нашай зборнай ніхто на ёй не размаўляе. А я не настолькі фанатычны праваднік беларускай мовы, каб камунікаваць на ёй 24 гадзіны ў суткі. Хоць ўпэўненая, што родную мову павінен ведаць кожны з нас. І кожны сам вырашае, якім чынам павінен яе паважаць.

Я, напрыклад, люблю чытаць кнігі на беларускай. Мне іх часта дораць. Адну — том з выдання Быкава, папрасіла неяк у Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна ў нашу апошнюю з ім сустрэчу. Вярнуць, зразумела, ужо не змагла і таму пакінула яе як памяць пра гэтага цудоўнага чалавека.

Памятаю, мы неяк прыйшлі ў госці да сям'і Бураўкіных і ўвесь вечар размаўлялі па-беларуску — спачатку было цяжкавата, але потым уцягнуліся. Гэта была не толькі выдатная практыка, але і чароўны вечар, які ніколі не забуду. Генадзь Мікалаевіч і яго цудоўная жонка Юлія былі вельмі добра знаёмыя з элітай беларускага грамадства, найлепшымі прадстаўнікамі культуры — Машэравым, Быкавым, Барадуліным… Сядзіш, слухаеш іх гісторыі і апавяданні і ловіш сябе на думцы: як жа мала я ведаю пра гэту зямлю, хоць нібыта і праходзіла гісторыю Беларусі ў школе.

Менавіта ад сустрэч з такімі людзьмі зараджаешся любоўю да гісторыі роднай зямлі і людзей, якія яе засялялі, жылі, будавалі, стваралі», — распавяла Герасіменя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?