Днём 20 верасня на чыгуначнай станцыі Харсы ў Брэсцкім раёне за парушэнне пагранічнага рэжыму былі затрыманыя трое грамадзян Беларусі 1997, 1998 і 1999 гадоў нараджэння.
Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт, маладыя людзі былі з яўнымі прыкметамі наркатычнага ап'янення. Пры вобыску ў аднаго з іх быў знойдзены празрысты пакецік 5х5 см з рэчывам расліннага паходжання цёмна-зялёнага колеру. Усе трое ў розны час прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
«Маладыя жыхары Брэста ў літаральным сэнсе дэманстравалі «палёт думкі» і ўвесь час спрабавалі ўразіць пагранічнікаў разнастайнасцю нелагічных версій пра мэты візіту ў пагранічную зону», — гаворыцца ў паведамленні пагранведамства.
Затрыманыя прызнаныя парушальнікамі пагранічнага рэжыму. Пасля разбору яны перададзеныя супрацоўнікам міліцыі.