Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб увядзенні новага тыпу санкцый у дачыненні да Расіі і іншых краін, «якія маюць дачыненне да анексіі Крыма і агрэсіі ў Данбасе».

У адрозненне ад ранейшых рашэнняў украінскіх уладаў, якія абмяжоўваюць уезд у краіну асобных замежных, пераважна расійскіх, грамадзян, у новым «чорным спісе» — амаль 400 фізічных і больш за 100 юрыдычных асобаў.

«Гэта рашэнне […] прынята ў дакладнай каардынацыі з нашымі партнёрамі з Еўрапейскага саюза, Злучаных Штатаў Амерыкі і іншых краін, якія забяспечваюць належную рэакцыю на анэксію Крыма і агрэсію на Данбасе», - сказаў Парашэнка на сустрэчы ў Кіеве з членамі камітэта палітыкі і бяспекі ЕС.

Палітыкі і чыноўнікі

Усяго ў пераліку фізічных асоб, якія трапілі пад дзеянне ўкраінскіх санкцый, — 388 чалавек.

Гэта грамадзяне Расіі, Украіны, прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік у Данбасе, а таксама грамадзяне шэрагу еўрапейскіх краін і Ізраіля.

Санкцыі, якія ўводзяцца супраць іх, прадугледжваюць блакаванне актываў, часовыя абмежаванні карыстання маёмасцю, прадухіленне вывазу капіталаў за межы Украіны, а таксама візавыя абмежаванні.

Сярод расійскіх афіцыйных асоб, згаданых у спісе, - міністр абароны Сяргей Шайгу, начальнік Генштаба генерал Валерый Герасімаў, камандуючы ПДВ Уладзімір Шаманаў, старшыня Думы Сяргей Нарышкін, старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Зоркін. Таксама пад санкцыі трапілі кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў, дзіцячы амбудсмэн Павел Астахаў і шэраг дэпутатаў Дзяржаўнай Думы.

Акрамя таго, у пералік увайшлі акадэмік РАН Сяргей Глазьеў, спявак Іосіф Кабзон, акадэмік Віктар Півавараў, актрыса Валянціна Цялічкіна.

Кампаній у санкцыйным спісе Кіева 105

Сярод іх — «Трансаэро» і «Аэрафлот», а таксама шэраг іншых авіяперавозчыкаў, напрыклад, «Поўначсталь» — даччынае прадпрыемства кампаніі Аляксея Мардашова і «Донавіа».

Сярод крэдытных арганізацый у спісе — «Банк Масквы», банк «Расія» Юрыя Кавальчука, казанскі банк «АК БАРС», СМП Банк, падкантрольны Аркадзю і Барысу Ротэнбергам і іншыя.

У спіс таксама патрапілі тэлекампаніі НТВ, «Першы канал», тэлеканалы РТР-Планета і Расія-24, якія ўваходзяць у ВДТРК. Замыкае пералік «Лабараторыя Касперскага».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?