Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Таджыкістан, дзе 15 верасня возьме ўдзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, якая пройдзе ў Душанбэ. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Парадак дня пасяджэння налічвае больш за паўтара дзясятка пытанняў. У прыватнасці, будуць разгледжаныя бягучыя пытанні дзейнасці АДКБ, прыярытэтныя напрамкі ў перыяд старшынства ў Арганізацыі Арменіі. Размова пойдзе таксама аб праверцы гатоўнасці вайсковых кантынгентаў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ да выканання задач па прызначэнні, аб арганізацыі кіравання войскамі (Калектыўнымі сіламі) АДКБ, аб складзе і базаванні Калектыўных авіяцыйных сіл.

На разгляд кіраўнікоў дзяржаў вынесены праект Пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў — членаў АДКБ у галіне перавозак вайсковых і іншых фарміраванняў, іх рухомай маёмасці, а таксама прадукцыі ваеннага прызначэння.

Лідары краін — членаў Арганізацыі абмяркуюць праект Пратакола аб працянванні тэрміну дзеяння Пагаднення аб стварэнні адзінай сістэмы тэхнічнага прыкрыцця чыгунак дзяржаў — членаў АДКБ ад 28 красавіка 2003 года i аб унясенні ў яго змяненняў, а таксама ўнясенне змяненняў у Палажэнне аб Каардынацыйным савеце па надзвычайных сітуацыях дзяржаў — членаў Арганізацыі ад 6 кастрычніка 2007 года.

Акрамя таго, на сесіі СКБ будзе разгледжаны бюджэт на 2016 год і карэкціроўка долевых узносаў дзяржаў — членаў Арганізацыі на фінансаванне дзейнасці пастаянна дзеючых рабочых органаў АДКБ на будучы год, а таксама пераразмеркаванне асігнаванняў па асобных артыкулах каштарысу расходаў на фінансаванне дзейнасці Аб'яднанага штаба Арганізацыі на 2015 год.

Кіраўнікі дзяржаў разгледзяць таксама шэраг арганізацыйных пытанняў.

Затым Аляксандр Лукашэнка накіруецца з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю, дзе прыме ўдзел у мерапрыемствах другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 17—18 верасня ў Сочы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?