Такім прынамсі на час свята стане сімвал Мінска
Дзень горада ў сталіцы з 2002 года адзначаецца ў другую суботу верасня (свята не прывязанае да канкрэтнай падзеі). У 2015 годзе святкаванне расцягнецца на некалькі дзён, першыя невялікія мерапрыемствы прайшлі ўжо ў чацвер, 10 верасня. Асноўнае свята — 12 верасня.
Перадусім, звяртаем увагу аўтамабілістаў:
У суботу, 12 верасня ў Верхнім горадзе перакрыюць рух транспарту, абмяжуюць на вуліцах Сталетава і Казлова, пешаходнай стане вуліца Кастрычніцкая. 13-га з 10 да 15 гадзін дня будзе абмежаваны рух транспарту на месцы правядзення паўмарафону.
12 верасня. Тут і ніжэй выявы: gaiminsk.by
13 верасня
Затое метро будзе хадзіць часцей, ды з наземным транспартам будзе хітра.
У суботу пяройдуць на ўзмоцнены рэжым работы, міліцыя, медыкі і ратаўнікі. Перад месцамі правядзення канцэртаў і кірмашоў выставяць КПП, будуць весці відэарэгістрацыю. У месцах правядзення святаў алкаголь прадавацца не будзе.
На выходныя абяцаюць пахмурнае надвор’е, у нядзелю магчымы дождж.
Пятніца, 11 верасня
Ужо ў пятніцу амаль у кожным раёне пачнуцца афіцыйныя канцэрты і дваровыя святы, з іх раскладам можна азнаёміцца тут.
І ўжо ў пятніцу пачнецца трохдзённы Minsk Festival — мноства самых разнастайных канцэртаў і вечарын. Некаторыя з іх будуць бясплатныя, за некаторыя давядзецца заплаціць, але на ўсе можна набыць адзіны квіток.
А бясплатна ў пятніцу можна будзе схадзіць на джаз у Loft Café і Café Netto, бясплатныя начныя дыджэйскія вечарыны ў «Хуліган», «Чердак», «Кальянная №1» і майстар-клас па фанку і хаўс-музыцы на Ableton Belarus School (Рэвалюцыйная, 17).
З 14 да 16 гадзін у некалькіх аддзяленнях пошты можна будзе бясплатна атрымаць і адаслаць паштоўку.
Таксама 11 і 12-га можна бясплатна схадзіць у Нацыянальны гістрарычны музей на выставу Юры Вінаграда «Сіне-зялёная» і ў музей Купалы на «Калевала вачыма расійскіх мастакоў», з 11-га да 13-га — у Галерэю «Ў» на выставу дзіцячых работ «Сусвет унутры» і выставу «Золата» ў Cut Barbershop (вул. Камсамольская, 23).
І яшчэ — у пятніцу ёсць добры шанец пафатаграфаваць тое, што намалявалі вулічныя мастакі на фестывалі «Vulica Brasil», для гэтага нават зладзяць аўтобусныя і велатуры.
Субота, 12 верасня
Фота з сайта minsk-starazhytny.by
З 11:07 (ці 10:67, як сцвярджаюць арганізатары) гадзіны на беразе Свіслачы ля Стэлы пачнецца вялікі фэст «Мінск Старажытны». Уваход вольны. У праграме рыцарскі турнір, бугурт і турнір лучнікаў, штурм замка, паказальны выступ па вайне 1812 года і выступы па Першай і Другой сусветнай войнах, дуэль дудаў і канцэрт гуртоў «Рокаш», «Літы талер» і «Nevrida».
У 11 раніцы пачнецца 5-ы мінскі міжнародны марафон на роліках. Старт ад Сталетава, 1, рэгістрацыя з 8:00. Абяцаюць прыз за найлепшы касцюм! У той жа час на Свіслачы (у раёне Парка Перамогі) стартуюць спаборніцтвы па парусным спорце, а каля Пераможцаў, 18/1 — спаборніцтвы па байдарках і каноэ. У 13:00 на Цнянцы стартуе кубак па вэйкборду (як сёрфінг, але прывязаны да катара).
У 11:30 ля Палацу Спорту пачнецца святочны канцэрт «Зоркі сталіцы» ля ПалацаСпорта, апоўдні пачнецца святочная праграма «Подых вуліц у сэрцы сталіцы» ў Верхнім горадзе. Хто будзе выступаць — не анансавана, верагодна, зоркі эстрады. І там, і там пройдуць выставы і кірмашы. Свой вялікі фэст будзе і ў Чыжоўкі. Мінчаніна года ўзнагародзяць у 18:00 каля оперы.
А ў 17:30 пачнецца «Вераснёвая ноч» ля Мастацкага музею — з дэгустацыяй кавы і шакаладу, выставай Адама Глобуса, майстар-класамі па танцах, кіно і многім іншым.
Амаль пешаходная Кастрычніцкая ў фільме «Стылягі»
Вуліца Кастрычніцкая стане пешаходнай — з 12:00 там пачнецца вялікае свята з музыкай ад Morfe і Šuma, бразільскімі танцамі і стрыт-артам. Афіцыйна падарунак гораду там перададуць у 16:00. Мерапрыемствы працягнуцца да 22:00.
Для аматараў яшчэ больш яскравага адпачынку ў 10:00 пачнецца вялікі Color-fest у «Дрымлэндзе» і працягнецца аж да сёмай вечара. У Лошыцкім парку будзе свой Color-fest, які пачнецца з 11:00 і працягнецца да 18:00, на ім таксама выступяць беларусы «Дай дарогу!» і расійскі рэпер Кравц. А ў парку Паўлава ў 14:00 адкрыецца самая вялікая ў горадзе стрыт-варкаўт пляцоўка, на адкрыцці выступяць «Litesound».
Для лянівых з 11 раніцы ад плошчы Свабоды і чыгуначнага вакзала будуць хадзіць двухпавярховыя экскурсійныя аўтобусы Minsk City Tour, экскурсія будзе каштаваць 200 тысяч для дарослых і 100 тысяч для школьнікаў.
А для аматараў музыкі velcom зладзіць бясплатны канцэрт класічнай музыкі ў сядзібе Ваньковічаў (Інтэрнацыянальная, 33а), а на беразе Камсамольскага возера выставяць свабоднае фартэпіяна.
Салют каля Стэлы — у 22:00. У гэты ж час пачнецца вялікае фаер-шоў.
Нядзеля, 13 верасня
У 12:00 у парку Чалюскінцаў пачнецца фестываль дранікаў. Акрамя ўласна ежы будуць майстар-класы і конкурсы кшталту забегу ў мяшках і сэлфі-конкурсу.
Дрэвы на бульвары Мулявіна атрымаюць вязаныя швэдары таксама апоўдні, там будзе працаваць Зона творчасці. Дарэчы, можна самастойна звязаць кавалачак швэдара 11 на 13 сантыметраў — ён стане часткай кампазіцыі.
Фота: polomarathon.by
Але цэнтральнай падзеяй дня стане паўмарафон («Polo-марафон»). Усе ахвочыя змогуць падтрымаць тых, хто прабяжыць па самым цэнтры горада 20-кіламетровую дыстанцыю. Старт у 11:00.
Таксама 13-га працягнецца фэст ля Чыжоўка-арэны, раённыя святы і мерапрыемствы Minsk Festival, у тым ліку бясплатныя вечарыны ў бары «Ў» і «Кальяннай №1» і бясплатныя канцэрты ў Loft Café і Stirlitz.
***
Ведаеце іншыя цікавыя мерапрыемствы ў гэтыя дні? Напішыце пра іх у каментарах!