Фота з сайта 111pix.com.ua
У парку Паўлава, што каля метро «Малінаўка», адкрыецца найвялікшая ў сталіцы пляцоўка для індывідуальных і масавых трэніровак, паведамляе ініцыятар праекту, кампанія «Кока-Кола Беўрыджыс Беларусь».
Адначасова на пляцоўцы займацца змогуць да 40 чалавек, ёсць турнікі, брусы, рукаходы, лаўкі, шведскія сценкі, лаўкі для прэсу, змеепадобная перакладзіна, рознаўзроўневыя турнікі для скачкоў з перахопам.
Такая пляцоўка каштавала каля 1,3 млрд беларускіх рублёў. На ёй можна праводзіць і прымаць нацыянальныя і міжнародныя спаборніцтвы па Street Workout.
Адкрыццё адбудзецца на Дзень горада, на цырымоніі выступяць варкаўт-каманды, будуць зладжаныя спартыўныя конкурсы і майстар-клас Максіма Труханоўца, сусветнага рэкардсмена па «выхадах сілай на дзве рукі», а таксама выступ гурту Litesound.
Пляцоўка ў Малінаўцы — не адзіная ў Мінску. Толькі за мінулы год і толькі ў праграме «Кока-Колы» ў Мінску было адкрыта пяць сучасных пляцовак (у парках «Цівалі» і Марата Казея), таксама з’явіліся пляцоўкі ў Смаргоні, Бабруйску і ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня».
Адрасы ўсіх пляцовак для Street Workout у Мінску спрабуюць сабраць, напрыклад, тут, а не так даўно гід па пляцоўках для варкаўту склаў Citydog. З іншага боку, займацца Street Workout можна і на старых савецкіх «жалезных гарадках», што ёсць у многіх дварах — абы было жаданне.