Актывісты адэскага Аўтамайдану захапілі летнюю рэзыдэнцыю дэпутата і колішняга старшыні Цэнтравыбаркаму Сяргея Ківалава на узьбярэжжы Чорнага мора.
Афіцыйна будынак служыць для прыняцьця дэлегацый Міжнароднага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
Людзі ў камуфляжы зьнесьлі браму трактарам, вывесілі на тэрыторыі «замку» сьцяг Украіны і сфатаграфавалі інтэр’еры будынку.
На месца падзеі выклікалі праваахоўнікаў, якія ўзялі «замак» пад ахову.
Партрэт Ківалава ў будынку на здымку, які актывісты выклалі ў сацыяльныя сеткі
Сам Ківалаў назваў захоп будынку крымінальным злачынствам. У выніку абодва бакі канфлікту напісалі заявы ў праваахоўныя органы.
Паводле актывістаў, нагодай для іх дзеяньняў стала тое, што агароджа будынку незаконна перашкаджае доступу на пляж.
Сяргей Ківалаў быў дэпутатам ад «Партыі рэгіёнаў» Віктара Януковіча. Менавіта ён ў 2004 годзе ўзначальваў ЦВК Украіны і абвясьціў пра перамогу Януковіча ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Тады гэта прывяло да масавых пратэстаў і «аранжавай рэвалюцыі», а Ківалаў атрымаў зьдзеклівую мянушку «підрахуй» («падлічы» па-ўкраінску).