ААТ «Банк БелВЭБ» падпісала з ТАА «Еўрагандаль» першы ў Беларусі дагавор на прыём і пералічэнне (залічэнне) выручкі праз аўтаматычную дэпазітную машыну па прыёме грашовай наяўнасці.

Першая такая машына ўстаноўленая і пачала паспяхова функцыянаваць у адным з магазінаў «Еўраопт» у Мінску, паведамілі ў прэс-службе «Банка БелВЭБ».

Аўтаматычная дэпазітная машына (электронны дэпазітар) — электронны праграмна-тэхнічны комплекс, які дазваляе ў кругласутачным рэжыме без прыцягнення персаналу банка прымаць ад кліента (юрыдычнай асобы і індывідуальнага прадпрымальніка) грашовую наяўнасць з залічэннем яе на рахунак кліента, ажыццяўляць яе праверку на сапраўднасць і плацежнасць, а таксама бяспечнае захоўванне прынятай грашовай наяўнасці з наступным яе выманнем і пералікам касавымі работнікамі банка.

У ліку пераваг выкарыстання аўтаматычнай дэпазітнай машыны «Банк БелВЭБ» выдзяляе наступныя: аўтаматычная дэпазітная машына можа ўстанаўлівацца як на офіснай тэрыторыі аднаго кліента, так і на тэрыторыях буйных гандлёвых, забаўляльных цэнтраў з магчымасцю доступу да здачы грашовай наяўнасці некалькімі кліентамі; кліент здае гандлёвую выручку ў зручны для яго час; грашовая наяўнасць здаецца без удзелу банкаўскага работніка, што эканоміць час кліента; грашовая наяўнасць, змешчаная кліентам у аўтаматычную дэпазітную машыну, знаходзіцца пад матэрыяльнай адказнасцю банка і інш. 

«Надалей мы маем намер актыўна развіваць паслугі па здачы выручкі праз аўтаматычную дэпазітную машыну, бо ўжо сёння мы бачым зацікаўленасць у іх буйных гандлёвых сетак, гандлёва-забаўляльных цэнтраў, якім штодзень у вялікіх аб'ёмах прыходзіцца здаваць у банк вялікія аб'ёмы грашовай наяўнасці», — пракаментаваў дырэктар дэпартамента па рабоце з каштоўнасцямі ААТ «Банк БелВЭБ» Аляксандр Асмалоўскі.

У найбліжэйшы час «Банк БелВЭБ» плануе заключыць дагавор яшчэ з адным са сваіх найбуйнейшых кліентаў і пачаць доследна-прамысловую эксплуатацыю яшчэ адной аўтаматычнай дэпазітнай машыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?