Яраславу Ульяненкаву 32 гады, ён мінчук. Зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, працуе ў харчовай галіне. Вучыўся ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. Цікавіцца гісторыяй, цудоўна размаўляе па-беларуску. Хутка ў яго з сяброўкай народзіцца дзіця.

Цяпер Яраслаў падазраваны па крымінальнай справе за нанясенне патрыятычных графіці, якія «груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную непавагу да грамадства». На графіці напісаныя словы «Беларусь мае быць беларускай».

11 жніўня а 18:50 у кватэру Яраслава на Каменнай Горцы пачалі грукацца невядомыя. «Крычалі, што міліцыя, адчыняйце. Я быў у ванным пакоі, хацеў папярэдзіць родных, але не паспеў, бо дзверы ўжо выламалі. Прычым выбілі так прафесійна, што дзверы ўсё яшчэ працуюць.

Гэта былі людзі ў масках, з пісталетамі. Іх было чалавек 5—6. Скруцілі мяне, пачалі крычаць: «Тварам у падлогу, рукі за спіну. Адзелі кайданкі на рукі, пасля чаго пачалі біць.

Білі ў рэбры, у твар, па нагах. Калі я ляжаў, сталі вучыць: «Ты што, самы разумны? Чаму не адмыкаеш, калі табе званілі? Хочаш у дрэннага хлопчыка пагуляць, а мы любім дрэнных хлопчыкаў. Яшчэ некалькі разоў далі аплявуху. Гэта працягвалася хвілін дзесяць.

Я не разумеў, што гэта такое, з чым звязана. Прасіў патлумачыць. «Ты что не понімаешь, думаешь, все это просто так», — крычалі яны. Ніякага адэкватнага тлумачэння мне не даў. Затрымлівалі як нейкага наркабарона.

Ёсць інфа, што аднаго з хлопцаў, не ведаю, каго дакладна, затрымлівалі праз акно, заляталі з даху па тросіках.

Паступова «маскі-шоу» выйшлі, зайшлі следчыя. Калі мяне збівалі, то панятых не было, яны ўжо з’явіліся пазней. Панятымі былі суседзі.

Я быў дома адзін, мая цяжарная дзяўчына цяпер у Магілёве, яна вырашыла нараджаць там. Я ж тут працую і езджу да яе.

Пачаўся ператрус у хаце. Панятыя заўжды былі ў пакоі са мной, хаця міліцыянты хадзілі па кватэры. У выніку патапталіся па фотаздымках, кнігах, бялізне, на якой я сплю. Поўная знявага да асобы.

Я займаюся дызайнам, дык пазабіралі старую нявыкарастаную фарбу. Забралі пяць пар абутку, ноўтбук, сістэмны блок, знешні жорсткі дыск, тэлефон. Сказалі, апранайся, едзем з намі. Ператрус ладзілі супрацоўнік ГУБАЗіК МУС. Няясна, прычым тут арганізаваная злачыннасць і карупцыя да графіці?

У выніку мяне прывезлі на адрас Сапёраў, 7. Там падышоў чалавек — Ігар Паўлавіч Л., — які пачаў на мяне ціснуць. «Думаеш, самы разумны? За цябе ніхто не падпісваецца. Давай нармальна паказанні». Мяне збілі колькі хвілін таму, а цяпер хочуць, каб я паказанні даваў! У мяне шок, цела баліць, усё ломіць. Ён хацеў, каб я сказаў, што гэты хлопец мяне паклікаў рабіць тое, а я адмовіўся, а той хлопец паклікаў іншае рабіць, а я таксама адмовіўся. Карацей, хацелі, каб паздаваў хлопцаў.

На наступны дзень прыехалі на кватэру да маіх бацькоў. Зрабілі і там ператрус.

Дзяржаўная адвакатка — што яна была, што яе не было. Хі-хі, ха-ха, больш фліртавала з сілавікамі. Ніякай дапамогі не было.

Да мяне зноў падышоў Ігар Паўлавіч Л., які прапанаваў выйсці, паразмаўляць. Ён пачаў ціснуць на мяне цяжарнай дзяўчынай, аднекуль ужо ведалі. «У цябе жонка вось-вось народзіць, а ты тут хернёй маешся, едзь да яе ў Магілёў», — кажа. Калі пагодзішся супрацоўнічаць, то паедзеш дадому. Ты мне — я табе.

Пасля я пайшоў на афіцыйны допыт. Я пацвердзіў, што размовы аб графіці сапраўды былі, але не памятаю, хто мне прапаноўваў туды ехаць, сто гадоў таму было. Сказаў, што адмовіўся ехаць, бо дзяўчына цяжарная. Пыталіся, ці прапаноўвалі яшчэ ў чымсьці ўдзельнічаць. На гэтым мяне адпусцілі.

Сёння на новым допыце быў новы адвакат, якога знайшла мая дзяўчына праз праваабаронцаў. Цяпер справа раскручваецца. Нічога новага я ім не сказаў.

У мяне статус падазраванага і пад падпіскай аб нявыездзе. На дадзены момант арыштаваны тры хлопцы — Слава, Вадзім і Максім. Гэта ўсё нармальныя, здаровыя хлопцы. Ніякія яны не радыкалы».

Яраслаў кажа, што ні ў палітычных партыях, ні ў моладзевых арганізацыях удзелу не браў. Гэтак сама як і не мае дачынення да анархістаў ці футбольных фанатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?