Выйшаўшы з чарговага штрафнога ізалятара, даведаўся, што ў друку ўзнялося пытанне аб становішчы ў турмах і зонах. З усмешкай прачытаў артыкул Aлены Красоўскай-­Каспяровіч [кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» — тут і далей заўв. рэд.] пра тое, як «за 5 гадоў сітуацыя змянілася ў лепшы бок».

Смешна чытаць усё гэта, калі на маіх вачах зоны ператварыліся ў лагеры познасталінскага тыпу. На маёй памяці з паляпшэнняў было толькі павелічэнне ліміту атаваркі [магчымасць набываць тавары ў краме пры калоніі] для злосных парушальнікаў з адной базавай велічыні да двух — 360 000 рублёў. Затое спіс пагаршэнняў… І садавінныя пасылкі забаранілі, і сродкі гігіены сталі ўключаць у вагу перадачы, і ўтрыманне заробку павялічылі з 3/4 да 90%, і асабістыя тазікі/вёдры пазабаранялі, і час спаткання паменшылі, і юрыдычную літаратуру забаранілі — усяго не пералічыш.

Прынцыповае адрозненне постсавецкіх зон ад ГУЛАГа: няма голаду, баракі больш­менш ацяпляюцца, няма катаржнай працы, забойства зэка больш не штодзённасць. У сучасных зонах амаль знікла масавае збіццё зэкаў.

Яшчэ ў 2001 годзе на жодзінскім цэнтрале [СІЗА­ турма №8 у Жодзіне] арыштаваных сустракалі турэмшчыкі з кіянкамі і віталі: «Сардэчна запрашаем у «Чорны Бусел». Збівалі для прафілактыкі.

Віцебскую турму залівалі крывёю яшчэ ў 2006—2010 гадах. Мае прыгоды ў Амерыканцы [СІЗА КДБ] — усяго толькі дзіцячы шпацыр у параўнанні з тымі турмамі. Хоць у 2012 годзе групу зэкаў збівалі і ў зоне, быў выпадак. А кропкавае збіццё без усялякай неабходнасці працягваецца і цяпер.

Кулак у зонах таксама не гуляе, але гэта дзякуючы абароне нефармальнага арыштанцкага кодэксу. Прымяніць неабгрунтаваны гвалт да іншага зэка — бязмежжа, адказваюць адпаведна. Зрэшты, турэмшчыкі актыўна выцясняюць арыштанцкія традыцыі; калі гэта адбудзецца, надыдзе сапраўднае бязмежжа.

За апошнія гады падцягваюць матэрыяльна-­бытавое забеспячэнне. Робіцца гэта за кошт саміх зэкаў, роля турэмшчыкаў зводзіцца да выбівання неабходных сродкаў. Аднак матэрыяльшчыну паляпшаюць толькі такую, якой можна пусціць пыл у вочы праверкам. Вось прычына еўрарамонтаў і плазмаў у ленпакоях [пакой для вольнага часу ў калоніях, які калісьці называлі ленінскім пакоем, і так і засталося].

Паралельна з вонкавымі прыгажосцямі забаранілі разеткі ў жылых секцыях, у кабінках туалетаў няма дзвярэй. Афіцыйна з посуду дазволены адзін кубак (кераміка забароненая). У чым гатаваць кашы і салаты? Для гэтай мэты служаць пластыкавыя кантэйнеры, якія цяпер забараняюць у перадачах. Канфіскуюць электрачайнікі.

Нельга насіць ваўняны швэдар. На зіму і лета адна мадэль чаравікаў. Нельга шорты і спортшапачку. Адсутнічае міжсезонка: дажджавік, куртка, паліто. Альбо роба, альбо ватоўка.

Але галоўная рыса, атрыманая ў спадчыну ад ГУЛАГа, — атмасфера ўсёдазволенасці з боку турэмшчыкаў. Арыштанта не прызнаюць за паўнавартаснага чалавека, у дачыненні да яго дазволена ўсё.

Механіка рабства пачынаецца з маналіту пад назвай «рэжым». Кожны дзень зэк абавязаны выходзіць у сталовую, незалежна ад уласнага жадання і надвор'я. Потым ідуць такія ж абавязковыя паходы ў клуб на нікому не патрэбныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Выхад у санчастку, краму, лазню таксама адбываецца строем і строга па камандзе.

За масавым рэжымным дэбілізмам ідзе кропкавы, персанальны. У спякоту чапляюцца да незашпіленага верхняга гузіка, у холад — да паднятага каўняра целагрэйкі або робы. Або запускаюць родных на спатканне не раніцай, а пасля абеду, і не важна, што людзі прыехалі ў 8 гадзін. Або адпраўляюць пасылку назад, «забыўшыся» зрабіць пазнаку ў асабістай картцы.

Я нават шалік не магу завязаць так, як хачу, опер асабіста адчытваў мяне за гэта!

Каб патэлефанаваць дадому, мне трэба напісаць некалькі заяў на кожны званок, здаць у пэўныя дні, каб іх падпісалі праз 2—3 тыдні. Кожны месяц зона выдае некалькі тысяч лістоў для абсалютна бессэнсоўнага рытуалу падпісвання.

Вы спытаеце: «Як вы гэта ўсё церпіце?» Зрэдку абурэнні здараюцца, усё­ткі паразумення паміж турэмшчыкамі і зэкамі становіцца ўсё менш.

Нядаўна быў кіпіш і ў нас, на ўзорна­паказальнай «тройцы» [ВК­3]. 22—23 чэрвеня зона адмовілася ад ежы. Наглядчыкі, большасць з якіх раней працавала на малалетцы [калонія для непаўналетніх зняволеных], усё ніяк не зразумеюць, што маюць справу з дарослымі людзьмі. Іх актывісты чалавека на кружку адсадзілі [перавялі ў разрад «апушчаных», ніжэйшага саслоўя ў турэмнай каставай сістэме], народ гэтага не зразумеў, абурыўся.

Але такія акцыі — вялікая рэдкасць. Бо ў руках адміністрацыі датэрміновае вызваленне любога зэка. Ды і ў цэлым эфектыўна працуе прынцып «падзяляй і ўладар».

Ад патрабаванняў рэжыму ў значна меншай ступені пакутуюць актывісты. Раней іх называлі «лагернымі прыдуркамі», а цяпер папросту «казламі». Актывісты — ніжняе звяно зонаўскай адміністрацыі з ліку саміх зэкаў. Афіцыйна іх павінны выбіраць асуджаныя ў атрадах, але на справе іх прызначаюць зверху.

Маючы доступ да пэўных наглядчыкаў, яны могуць вырашаць розныя пытанні. Дадатковыя суткі на спатканні, дадатковая пасылка, спальнае месца, пасада актывіста і галоўнае — датэрміновае вызваленне; нават нацкаваць турэмшчыкаў на непажаданага зэка або, наадварот, адмазаць ад спагнання — усё магчыма.

Вырашэнне пытанняў, зразумела, адбываецца на платнай аснове. Але не столькі асабіста на кішэню (хоць ёсць і такое), а праз афіцыйнае прыкрыццё: фонд калоніі. Будматэрыялы, фарба, шпалеры, вокны, грошы на афіцыйны рахунак, падпіска на газету «Працоўны шлях». Так ўпадабаныя Красоўскай еўрарамонты робяцца за кошт сродкаў сваякоў асуджаных, выручаных адладжанай сістэмай вымагальніцтва.

Акрамя адкрыта прывілеяванага саслоўя сярод зэкаў ёсць і схаванае. Сексоты, стукачы, даносчыкі. Вам уяўляецца пара­тройка нягоднікаў на атрад. На жаль, методыка турэмшчыкаў у тым, каб «ссучыць» кожнага. Прапанову супрацоўнічаць закідваюць пры ўсякім зручным выпадку.

Адзін атраднік [начальнік атрада] выхваляўся, што ў яго атрадзе з 120 чалавек стукалі 65. Хочацца верыць, што гэта хлусня. Аднак у арыштанцкім асяроддзі ўжо даўно ніхто нічога адкрыта не гаворыць.

Пераважная большасць зэкаў — утрыманцы, жывуць на дасланыя на асабісты рахунак грошы. Таму што сумленнай працай у зоне зарабіць немагчыма. Большасць (прыблізна 80%) працаўладкаваная толькі фармальна: працы няма. Іх выводзяць на прамзону для галачкі (што само па сабе разбэшчвае чалавека). Тыя ж, хто працуе, дзеляцца на дзве няроўныя групы.

Некалькі дзясяткаў шчасліўчыкаў сапраўды могуць атрымліваць мільёны, бо занятыя на высокапрыбытковых вытворчасцях (тэнты, мэбля). Другая група — некалькі соцень зэкаў, на працы якіх трымаецца ўся прамзона. Іх «зарплаты» нельга назваць грашыма.

Напрыклад, чалавек, які працуе на многапіле (станок для абразной дошкі) поўны працоўны дзень, атрымлівае на рахунак … 40 тысяч! Іншы мой знаёмы ўкалваў на пілараме па паўтары стаўкі, па 12 гадзін, у выходныя і па начах, і атрымліваў 90—120 тысяч.

Фактычна, у краіне дзейнічае сістэма рабскай працы, якая закранае дзясяткі тысяч чалавек.

Людзі выжываюць як могуць, падпольна займаюцца ўсялякімі рамёствамі. Але гэта забаронена, калі няма даху з боку турэмшчыкаў. Турэмшчык забірае сабе ўсё, а наўзамен — паслабленні па рэжыме, рашэнне любых пытанняў, у тым ліку датэрміновае вызваленне. Чым не прыгонная гаспадарка?

У выніку чалавек працы не можа ні забяспечыць сябе, ні дапамагчы сям'і, ні кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне, ні пагасіць пазоў, ні назапасіць грошай да вызвалення. Любы лагер можа выйсці на самазабеспячэнне і прыбытак хоць заўтра, абы турэмшчыкі не перашкаджалі.

Першараднае значэнне адміністрацыя надае пагашэнню пазоваў па крымінальнай справе. Усюды развешаны стэнды з графікамі, колькі кожны атрад пагасіў. Да тых, хто не пагасіў пазоў, не прымяняецца амністыя, яны пралятаюць міма датэрміновага вызвалення і моцна абмежаваныя па краме: 360 000 (2 базавыя велічыні) у месяц. Калі пры гэтым зэк пазбаўлены пасылак, то гэта азначае напаўгалоднае існаванне. Як рэпрэсуюць непажаданых? Памятаю, як у першы раз наглядчык сказаў мне: «Не ведаю, за што на цябе ў штабе засінілі [чым ты не дагадзіў], але там вырашылі ўшатаць цябе на кічу [справадзіць у штрафны ізалятар]. Ты стаіш на ўборцы ўмывальніка, але ты ж не будзеш дзверы на дальняк [туалет] праціраць? Так што нічога асабістага. Круці тарпеды». Пратрэш хоць бы ручку туалета — едзеш пеўнем у гарэм [у камеру для «апушчаных»], адмовішся — у ШІЗА.

Варыянтаў паставіць зэка ў бязвыхаднае становішча процьма.

Яшчэ распаўсюджаны метад рэпрэсій — ператрус асабістых рэчаў і праверка адпаведнасці іх вопісу. Ні ў аднаго зэка яна не супадае, проста немагчыма ўсё ўлічваць дакладна.

Акрамя ШІЗА, пазбаўляюць спатканняў (2 працяглыя, 3 кароткія на год) і пасылак (3 на год), абмяжоўваюць атаваркі як злосніку, 360 тысяч. Вось так у ХХІ стагоддзі чалавека караюць ежай і забаронай бачыцца з бацькамі і блізкімі.

Пасля ШІЗА зэка ўжо могуць змясціць у ПКТ [памяшканне камернага тыпу, від пакарання злосных парушальнікаў], лагерную турму, на паўгода. Там чалавека пазбаўляюць не толькі спатканняў і пасылак, але і званкоў. А ўжо пасля ПКТ наступны прыпынак — «крытка», турма для парушальнікаў. Нямала людзей паехала туды, каб толькі не напітвацца лагерным скоцтвам, не стаць ідыётамі. Аб падобным я чытаў ва ўспамінах вязняў ГУЛАГа, калі людзі ў лагерах марылі вярнуцца ў манаскія келлі палітізалятараў.

Але і гэта не мяжа. У Крымінальным кодэксе прысутнічае артыкул 411 «Злоснае непадпарадкаванне». Фармальны склад — парушэнне на працягу года пасля ПКТ. Да двух гадоў плюс да тэрміну. Можна заехаць у зону з годам, а адседзець усе 25, па законе!

Ніякага грамадскага кантролю няма і ў паміне. Калі прыязджаюць важныя камісіі, зэкаў заганяюць на ленпакой, а ва ўсіх ключавых кропках зоны расстаўляюцца супрацоўнікі.

Хоць да чаго скардзіцца? У сакавіку 2014 прыязджаў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў. Ён падышоў да двух вязняў у сталоўцы, пацікавіўся якасцю баланды. Супец у той дзень быў хвацкім дзярмом, суцэльная вада, пра што мужыкі проста і сказалі. Праз дзве гадзіны абодва ўжо былі ў ШІЗА. Знайшліся парушэнні­с.

Толку ад пісьмовых скаргаў амаль ніякага. Ні разу я не чуў, каб пракуратура або суд адмянілі несправядлівае рашэнне адміністрацыі.

Але самы свежы «прававы апгрэйд» — забарона на валоданне кодэксамі і іншымі юрыдычнымі матэрыяламі. У лютым 2015, на «тройцы», у мяне самога канфіскавалі дасланыя абнаўленні ў УВК і КК, нават акт склалі. Карыстацца юрыдычнай літаратурай можна, толькі ўзяўшы яе ў начальніка атрада. Такія вязні бяруцца на заметку.

Жывучы ў рэжыме ўсебаковай рэгламентацыі, арыштант амаль губляе прастору для ініцыятывы, самарэалізацыі. Прыгон і рабская праца, узаконенае вымагальніцтва, вытанчаны здзек з асобы — характэрная рэчаіснасць лагера.

Хто ж выходзіць з лагераў? Сутнасць «выпраўлення» — ператварыць чалавека ў бязвольны аўтамат, паўзуна перад уладай. Турма робіць усё, каб максімальна выключыць чалавека з грамадства, каб яму не было куды вяртацца. Адны вызваляюцца азлобленымі, без гроша ў кішэні, без веры ў справядлівасць і чалавечнасць. Іншыя ж перасягнулі ўсе мажлівыя межы маральнага: грамадства для іх як выпрабавальны палігон сваёй прагі ўлады і ссучанай маралі. Трэція наогул выходзяць бязвольнай гароднінай, у іх забітая воля.

Афіцыйны рэцыдыў — 54%! Але не варта памыляцца наконт астатніх. Прайшоўшы «турэмныя ўніверсітэты», многія ўжо не трапяцца, стаўшы прафесійнымі злачынцамі. Яшчэ частка зусім пакідае краіну, разумеючы, што іх замятуць пры першым зручным выпадку. Лагерная псіхалогія атручвае ўсё грамадства, бо лік ідзе на сотні тысяч тых, што прайшлі праз турэмную мясарубку.

Лагеры трохі падраслі матэрыяльна, бо час ідзе. Але ментальна — што галоўнае! — гэта ўсё той жа ГУЛАГ.

* * *

Ігар Аліневіч

Нар. 1983. Асуджаны ў 2011 на 8 гадоў зняволення па «справе анархістаў»: маладыя людзі былі абвінавачаныя ва ўчыненні шэрагу нападаў на будынкі і падпалаў, у прыватнасці ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Мінабароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і ізалятара на Акрэсціна ў 2010. Адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба­-3». Праваабаронцы прызналі Аліневіча палітзняволеным. У снежні 2013 Аліневіч стаў уладальнікам першай прэміі імя Францішка Аляхновіча за кнігу «Еду ў Магадан».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?