У Мінску Васіль Бабіч скупляў мапы з нацыянальным каларытам. Фота Міколы Бугая.

У Мінску Васіль Бабіч скупляў мапы з нацыянальным каларытам. Фота Міколы Бугая.

Васіль Бабіч — украінскі віяланчэліст, у якога хобі — беларуская мова. Ён гаворыць па-беларуску, чытае ўсё беларускае. У Кіеве цэлая суполка такіх, як ён. Яны збіраюцца раз на два тыдні ў аўторак у ядальні «Акадэмія» на Падоле. На днях Бабіч чарговы раз пабываў у Беларусі (дый Смаленску) і запісаў свае ўражанні. Прапануем іх Вашай увазе.

Гэта ўжо мая трэцяя паездка ў Беларусь і першая — у Расію. Я падарожнічаў з 26 ліпеня па 1 жніўня.

Прамыя цягнікі з Кіева ў РБ і раней былі дарагія, а цяпер пагатоў. Таму я паехаў аўтобусам «Кіеў—Гомель».

Нашы памежнікі цяпер заходзяць у аўтобус з аўтаматам. З аўтаматам сядзеў і памежнік на ўездзе на КПП. КПП наш, дарэчы, умацавалі мяшкамі з пяском.

У Гомелі сустрэўся са сваім даўнім знаёмым, аўтарам ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігарам Случаком. Ігар паказаў мне горад, у тым ліку і помнік Шаўчэнку. У мяне ўжо калекцыя здымкаў з помнікамі продку (я ягоны сваяк па далёкай лініі, мае карані з Кіеўшчыны і Чаркашчыны).

У Гомелі прыгожая рака (Сож), яшчэ — палац, а так нічога асаблівага. Потым я паехаў на Мінск.

Метро

У мінулы раз я быў у Менску два гады таму, у жніўні 2012.

За гэты час у Менску адкрылі чатыры станцыі метро, таму я паехаў наганяць упушчанае. Акрамя таго, я раней не разгледзеў і паўднёвую частку Аўтазаводскай лініі (ад ст. «Першамайская» да ст. «Магілёўская»). Апошняя адкрытая станцыя мінскага метро («Малінаўка») мне падабаецца больш за ўсё. Наогул, у мінскім метро неяк вальней, меншыя інтэрвалы руху і колькасць пасажыраў, чым у кіеўскім. З другога боку, кошт праезду ў мінскім метро істотна вышэйшы, 3700 Br супраць 2 грывен — у кіеўскім. 

Грошы

Беларусь — краіна мільянераў. Стаць мільянерам у Беларусі дастаткова проста — для гэтага дастаткова размяняць толькі адну банкноту.

У мяне з папярэдняй паездкі яшчэ захаваліся банкноты наміналам у 10Br, дык я даведаўся, што гэтыя грошы ўжо не ходзяць. Самы піск маразму ў гэтым пытанні я бачыў ў прыбіральні мінскага вакзала, ужо калі ехаў з Мінска. У вядры для выкарыстанай туалетнай паперы ў кабінцы туалета валяўся з дзесятак выкарыстаных не па прызначэнні банкнот наміналам у 100 Br… Наогул, здзіўляюся, чаму Беларусь не выпусціць нармальныя грошы без гэтых шматлікіх нулёў на канцы? Мне здаецца, што гэта не добра, калі валютай падціраюцца ў прамым сэнсе гэтага слова.

Ідэалагічныя змены

Слаба выяўлены, але ўсё ж яны ёсць. Мне падалося, што культу так званай «Вялікай Айчыннай вайны» стала менш. Тут трэба ўдакладніць: менш — не значыць мала! Стала менш адносна таго, колькі было два гады таму. Вось і ўсё! Ёсць шмат рэкламы беларускай мовы, больш, чым у мінулыя разы.

З'явілася рэклама беларускай даўніны, напрыклад, Нясвіжскага замка — на беларускай мове!

Мне здаецца, што Лукашэнка ўсё ж зразумеў, што канец можа прыйсці з усходу, але зразумеў ён гэта занадта позна. Я наогул стаўлю на тое, што, як толькі Украіна разбярэцца з ДаМбасам, Расія ўшчыльную зоймецца Лукашэнкам. Дарэчы, якраз і магчымасць для гэтага «добрая» — у наступным годзе ў РБ выбары Лукашэнкі.

Праблемы з вайфаем

Амаль увесь Мінск пакрыты сеткай Wi-Fi «Белтэлекам». Зрэшты, сетка платная, падключыцца, па ідэі, можна або набыўшы спецыяльную картку, або праз мабільнага аператара. Першы варыянт я не апрабаваў, а другі апрабаваў — «паслуга часова недаступная»… Яшчэ непрыемна ўразіла адсутнасць Wi-Fi у мінскім Макдаку. Нарэшце, Wi-Fi быў знойдзены ў адной з кавярняў Верхняга горада. Ва ўладаў Беларусі ёсць нейкая параноя ў плане патрэбы кантраляваць інтэрнэт, таму яны ўсяляк «змагаюцца» за ідэнтыфікаваны доступ да сеткі. Вядома, для тых, хто сапраўды займаецца фінансавым махлярствам праз інтэрнэт такія «абмежаванні» абсалютна бессэнсоўныя…

Наогул, я збіраўся ехаць пасля Мінска на Гродна, а адтуль — на Польшчу. Але паколькі цяпер вялікія затрымкі з візамі ў Кіеве, то вырашыў падкарэктаваць планы, а ў Гродна з'ездзіць іншым разам, транзітам з/на Польшчу.

Орша

А гэтым разам паехаў я на ўсход. Спачатку цягніком да Оршы. Гэта горад — вялікі транзітны чыгуначны вузел. Прыйшлося некаторы час чакаць на вакзале ўсходу сонца, каб прагуляцца па горадзе. Назіраў, у прыватнасці, і тое, як у напрамку Расіі праехаў грузавы цягнік з аўтамабілямі-ракетаносцамі…

Сама Орша — невялікі беларускі райцэнтр. Забудова — малапавярховыя «панэлькі», старыя 2-х і 3-х-павярховыя дамы, а таксама прыватны сектар. У нейкай ступені нагадвае малыя гарады Польшчы. Акуратна, чыста, і аўтобус прыходзіць па графіку да хвілін.

Пасля Оршы я вырашыў паехаць у Смаленск праз Віцебск — адтуль электрычка ў напрамку Смаленска ішла раней, чым з Оршы. У Віцебску. Пра Віцебск нічога асабліва напісаць не магу — бачыў, па сутнасці, вакзал і прывакзальную плошчу.

Смаленск

З Віцебска я паехаў у кірунку Смаленска. Прамых электрычак паміж гарадамі няма (як і з Оршы, дарэчы). З Віцебска ходзіць электрычка ў горад Рудня, гэта ўжо адміністрацыйна Расія. Адтуль ужо ідзе руская электрычка на Смаленск. Аналагічная і сітуацыя на лініі Орша-Смаленск: беларуская электрычка даязджае да прыпынку Краснае, а ўжо адтуль ідзе руская электрычка да Смаленска. Усе рэйсы (уласна, два: адзін раніцай і адзін увечары) узгодненыя паміж сабой.

Электрычка з Рудні напачатку, здаецца, была напоўнена амаль выключна беларусамі, якія ехалі з Віцебска. Але потым усё больш падсаджвалася менавіта мясцовага насельніцтва. Села і нямала «каларадаў», з вялікімі, тлустымі стужкамі. Нават выглядаюць яны агідна. А пра «ўнутраны свет», я, прабачце, не распытваў.

Сяляне Смаленшчыны, што падселі на электрычку, гаварылі беларускай фанетыкай, але слоўнікавы запас у іх відавочна ад рускай мовы, беларусізмаў я не пачуў. У адрозненне ад, напрыклад, паўночнай Чарнігаўшчыны, дзе якраз беларускія слоўцы вельмі нават сустракаюцца. Сапраўды, фанетыка — гэта ўжо апошняе, што памірае ў носьбітаў мовы.

Сама электрычка з Рудні ў Смаленск сучасная, нагадвае польскія «шынабусы».

У самым Смаленску, дарэчы, каларадскіх стужак не гэтак шмат, як я чакаў. Бачыў праўда, графіці «Наша сям'я — СССР»…

Нязвыкла бачыць маленькі Дняпро…

Паглядзеў і прыгажэнны Успенскі сабор. Зрэшты, аб архітэктуры я тут распавядаць асабліва не буду. Ля сабора стаяла шэсць машын, і з іх тры — з каларадскай сімволікай. У двары якраз размаўлялі галоўны поп і малодшы. Затым малодшы сеў у адно з «каларадскіх» аўто і з'ехаў. «Каларадскім» быў і самы вялікі і лепшы джып, верагодна, галоўнага папа. Ужо на выхадзе прычапілася да мяне жабракі чатыры, я іх акуратна абышоў. Адзін з іх наўздагон сказаў, што я багаты чалавек, а далей я ўжо не пачуў.

Агледзеў я і рэшткі Смаленскай крэпасці.

Таксама заходзіў і ў расійскія магазіны. Уразіла колькасць імітатараў зброі і мадэляў ваеннай тэхнікі ў аддзеле «цацкі».

Таксама здзіўляе кірылічны надпіс на «МакДональдсе». Усё ж, нават у Беларусі ён лацінкай.

Увогуле, Смаленск — даволі брудны горад з правінцыйным характарам і ўкраінскай якасцю дарог. Старыя цэрквы робяць яго крыху падобным да Чарнігава.

Увогуле, я вельмі рады, што з'ездзіў на ўсход Беларусі і ў Смаленск. Пасля гэтай паездкі мне канчаткова стала зразумела, што на самой справе расійскую мяжу я перасёк не пад Рудняй, а ў Новай Гуце, якая мяжуе з Чарнігаўшчынай. Што адрознівае Беларусь ад Расеі?

1) Рэшткі беларускай мовы.

2) Уласная валюта.

3) Больш парадку і чысціні.

4) Дарасейскае мінулае Беларусі.

Пратэктарат

Некаторыя філасофскія высновы. Беларусь цяпер чымсьці кшталту дамініёна, а можа, і пратэктарата Расіі. І я гэта пішу зусім не з мэтай абразіць беларусаў! Вядома, ёсць і меншасць, якая якраз ёсць цалкам еўрапейскім народам і цалкам адрозная ад Расіі.

Але, спадары, у Менску ў сувенірных крамах прадаюць сцягі Расіі нароўні з чырвона-зялёным сцягам… Ды і сам чырвона-зялёны сцяг — гэта якраз сімвал пратэктарата… У беларускіх крамах беларуская мова амаль выключна знаходзіцца ў секцыі «беларуская літаратура». Практычна няма кніг па-беларуску, напрыклад, па медыцыне, фізіцы, хіміі. Мне нават не ўдалося знайсці нічога нармальнага на беларускай мове пра гісторыю Беларусі. Ёсць нейкія дапаможнікі па падрыхтоўцы да тэстаў. Усё. Магчыма, недастаткова шукаў.

* * *

Суполка беларускамоўных і беларусафілаў Кіева збіраецца а 19.00 у аўторкі.

Збіраецца раз на два тыдні. Г.зн., адзін аўторак збіраецца, другі не. Апошні раз сустрэча была 5 жніўня, наступная па плане мае быць 19. Месца сустрэчы - звычайна сталовая «Акадэмія». Гэта ля галоўнага корпуса Кіева-Магілянскай акадэміі, метро «Кантрактовая плошча». Але часам сустрэчы адбываюцца і ў іншых мясцінах, напрыклад, у рэстарацыі беларускай кухні «Панскія пляцкі / Сябры» (https://www.facebook.com/panskiyaplatski). Часам былі сустрэчы і на філфаку ва ўніверсітэце Шаўчэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?